Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.07.2023

Лета ў працоўнай брыгадзе

Як падлеткам з карысцю правесці летнія канікулы? Куды ўладкавацца на працу, каб зарабіць свае першыя грошы? Гэтыя пытанні падлеткі задаюць сабе кожны год. Адказ на іх ёсць – работа ў працоўнай брыгадзе.

У Поразаўскай сярэдняй школе стала добрай традыцыяй арганізоўваць штогод часовую працоўную занятасць у перыяд летніх канікул, дзе навучэнская моладзь далучаецца да грамадска карыснай працы, атрымлівае пэўныя навыкі, праходзіць адаптацыю да працоўнай дзейнасці, рыхтуецца да самастойнага выхаду на рынак працы і, вядома, атрымлівае свой першы заробак. Часовая працоўная дзейнасць дае магчымасць старшакласнікам не толькі зарабіць, атрымаць працоўны вопыт, але і пазнаёміцца з асаблівасцямі працоўных узаемаадносін паміж супрацоўнікам і работадаўцам.

Вось і гэтым летам у перыяд з 4 па 13 ліпеня навучэнцы старэйшых класаў былі заняты ў працоўнай брыгадзе, асноўная дзейнасць якой была накіравана на добраўпарадкаванне школы і прышкольнай тэрыторыі. Старэйшая група навучэнцаў займалася фарбаваннем класных памяшканняў, калідораў, лесвічных клетак. Юнакі і дзяўчаты малодшай групы працавалі на прышкольнай тэрыторыі. Яны палолі градкі, клумбы, кветнікі, убіралі пустазелле на бегавой дарожцы на стадыёне, пешаходных дарожках на тэрыторыі школы, на валейбольнай пляцоўцы, прыбіралі скошаную траву, абкапвалі кусты і дрэвы ў садзе. У школе навучэнцы рамантавалі мэблю, мылі падлогі, выносілі смецце, у бібліятэцы клеiлi вокладкі, лісты кніг, сшывалі газеты, часопісы, сартавалі па нумарах. Сваю працу падлеткі выконвалі адказна, старанна, дружна, з энтузіязмам, ды і побач быў настаўнік, які заўсёды гатовы дапамагчы і падказаць. На працягу 8 дзён старшакласнікі змаглі не толькі атрымаць шмат станоўчых эмоцый, але і раскрыць свае здольнасці ў працы.

Часовая працоўная занятасць – актуальна і сучасна. Гэта не толькі рашэнне праблемы летняй занятасці падлеткаў, але выхаванне ў дзяцей пачуцця павагі да працы не на словах, а на справе. 

 

Часовая працоўная занятасць арганізавана ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Свіслацкага райвыканкама. Накіравана на гэтыя мэты больш за 5 тыс. руб. са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь у рамках выканання Дзяржаўнай праграмы "Рынак працы і садзейнічанне занятасці" на 2021– 2025 гады. 

Марына Шымко, класны кіраўнік 11 класа, адказны за арганізацыю часовай працоўнай дзейнасці навучэнскай моладзі Поразаўскай СШ