25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Казахстан за апошнія гады вельмі шмат дасягнулі ў развіцці адносін. Яшчэ большы штуршок двухбаковаму ўзаемадзеянню можа надаць візіт у Беларусь Прэзідэнта Казахстана Касым-Жамарта Такаева. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Аскарам Бейсенбаевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Было б нядрэнна, калі б візіт Прэзідэнта Казахстана ў Беларусь, адкладзены з-за пандэміі, адбыўся. Гэта было б добрым штуршком да далейшага развіцця адносін", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да пасла, Прэзідэнт выказаў надзею, што Аскар Бейсенбаеў будзе моцнай апорай для развіцця двухбаковага супрацоўніцтва. "Вельмі спадзяюся, што вы доўга-доўга будзеце працаваць на ніве беларуска-казахстанскага супрацоўніцтва, - прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. - Вельмі разлічваю, што мы з вамі яшчэ нямала зробім на карысць двух нашых народаў".
"Казахстан і Беларусь з'яўляюцца дружалюбнымі краінамі, якія падтрымліваюць адна адну на любой арэне, у тым ліку і міжнароднай. Хацеў бы выказаць вам вялікую ўдзячнасць. 2020 год быў няпросты, год барацьбы з пандэміяй, калі ўсе краіны самаізаляваліся, а з боку Беларусі мы бачылі вялікую сяброўскую дапамогу, - сказаў пасол. Асаблівыя словы ўдзячнасці ён адрасаваў кампаніі "Белавія" за захаванне авіязносін у пачатковы перыяд пандэміі, што дапамагло арганізаваць вяртанне на радзіму многіх грамадзян Казахстана.
Па аб'ёме беларускага экспарту Казахстан уваходзіць у дзясятку асноўных гандлёвых партнёраў краіны. Па выніках 2020 года тавараабарот Беларусі і Казахстана склаў $847,9 млн (92,2 працэнта да ўзроўню 2019-га), у тым ліку беларускі экспарт - $747,1 млн (97,6 працэнта), імпарт - $100,8 млн (65,1 працэнта). Сярод асноўных пазіцый экспарту ў Казахстан - трактары, мяса-малочная прадукцыя, цукар, камбайны, мэбля, лекавыя сродкі. З Казахстана завозіліся каменны вугаль, нафтапрадукты, баваўнянае валакно, рэйкі, неапрацаваны цынк, ферасплавы, металапрадукцыя.
Тавараправодная сетка беларускіх прадпрыемстваў у Казахстане ўключае больш за 40 суб'ектаў, створаных з удзелам беларускага капіталу, а таксама звыш 170 суб'ектаў дылерскай сеткі. Функцыянуюць сем сумесных зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі і абсталявання, у тым ліку МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаш" і "Бабруйскаграмаш".
Цяпер бакі рыхтуюць міжурадавы план мерапрыемстваў па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва на 2021-2022 гады.-0-