Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
21.07.2023

Лукашэнка на нарадзе аб стварэнні партовых магутнасцей: трэба канчаткова вызначыцца

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна канчаткова вызначыцца з тым, што трэба рабіць для стварэння партовых магутнасцей па перавалцы беларускіх грузаў - будаваць тэрмінал, порт або мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачаць работу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб стварэнні партовых магутнасцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў студзені бягучага года ўжо разглядалася пытанне аб партовых магутнасцях для перавалкі беларускіх грузаў. У асноўным размова ішла аб калійных угнаеннях. Сёння гэта тэма таксама будзе абмяркоўвацца, што цалкам відавочна, улічваючы вялікія аб'ёмы паставак, але дабавіцца яшчэ і пытанне пастаўкі нафтапрадуктаў. "Напрамкі работы былі вызначаны, неабходныя рашэнні прыняты. Надышоў час зверыць гадзіннікі і, калі трэба, падкарэкціраваць і ўзгадніць нашы далейшыя дзеянні і планы", - сказаў Прэзідэнт.

"Абстаноўка і знешнепалітычная кан'юнктура сёння развіваюцца вельмі дынамічна. Але, трэба аддаць належнае, беларуская эканоміка прадаўжае працаваць і знаходзіць новыя магчымасці ва ўмовах санкцый, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы павінны аператыўна рэагаваць на ўсе выклікі і гарантавана забяспечваць дастаўку экспартных грузаў пакупнікам. Ключавы момант - хуткасць прыняцця рашэнняў".

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг ключавых пытанняў. Адно з іх - на якой стадыі знаходзіцца стварэнне ўласных магутнасцей для марскіх перавозак? "Зразумела, мы сышлі (не па сваім жаданні) з традыцыйных партоў і працуем па перавалцы нашых грузаў, а гэта амаль 20 млн т, ва ўсіх партах Расійскай Федэрацыі", - заўважыў Прэзідэнт.

"Ці ёсць канкрэтныя вынікі ў гэтым напрамку? - прадоўжыў ён. - Якія парты задзейнічаны для перавозкі калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў, якія ёсць праблемы ў сувязі з гэтым? Ці ёсць у нас разуменне, колькі калію мы можам перавальваць праз парты Расійскай Федэрацыі на прымальных умовах?"

Акрамя таго, ёсць альтэрнатыўныя варыянты супрацоўніцтва ў паўночна-заходнім рэгіёне Расіі. "Гэта павінна быць галоўным пытаннем", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер Беларусь мае два магчымыя варыянты, кожны са сваімі перавагамі і недахопамі - Мурманск і Прыморск.

"Неабходна канчаткова вызначыцца, што трэба - будаваць тэрмінал, порт або мадэрнізаваць які-небудзь існуючы, і неадкладна пачынаць работу, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Наколькі я ведаю, недзе пад Ленінградам мы і будуем, і мадэрнізуем. Пад Мурманскам пакуль цялёпкаемся".

На нарадзе таксама ішла размова аб праекце ўказа аб рэалізацыі асобных відаў тавараў на экспарт.