Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
18.07.2024

Лукашэнка падтрымаў прапанову аб бязвізе для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў пры ўездзе праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску

17 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову аб устанаўленні парадку часовага бязвізавага ўезду, выезду і знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску дадаткова для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў. Аб гэтым гаворыцца ў заяве МЗС Беларусі, паведамляе БЕЛТА.

"У мэтах далейшай дэманстрацыі адкрытасці і міралюбнасці нашай краіны, прыхільнасці да прынцыпаў добрасуседства, а таксама для спрашчэння міжчалавечых кантактаў і паляпшэння свабоды перамяшчэння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падтрымаў прапанову МЗС і іншых дзяржаўных органаў аб устанаўленні парадку часовага бязвізавага ўезду, выезду і знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь праз усе аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску дадаткова для грамадзян 35 еўрапейскіх дзяржаў", - заявілі ў МЗС.

Тэхнічна гэты парадак пачне дзейнічаць з 8:00 19 ліпеня 2024 года.

Такім чынам, грамадзяне ўсіх еўрапейскіх краін, адносна якіх Беларусь прымяняе візавы рэжым, з 19 ліпеня могуць уязджаць і выязджаць праз усе наземныя і паветраныя міжнародныя пункты пропуску Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь па сапраўдных дакументах і знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі не больш як 30 сутак з дня ўезду.

Такі парадак бязвізавага ўезду і выезду будзе дзейнічаць да 31 снежня 2024 года.

Дзеючы рэжым бязвізавага ўезду праз наземныя пункты пропуску для грамадзян Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін таксама захоўваецца.

Разам з гэтым захоўваецца дзеянне і ранейшага бязвізавага рэжыму пры ўездзе праз паветраныя пункты пропуску, што стварае для гасцей Рэспублікі Беларусь дадатковыя лагістычныя магчымасці на фоне штучных перашкод і абмежаванняў з боку сумежных заходніх краін.

Спіс краін, на якія распаўсюджваецца новаўвядзенне аб бязвізавым уездзе праз аўтадарожныя і чыгуначныя пункты пропуску:

1. Аўстрыйская Рэспубліка.
2. Княства Андора.
3. Каралеўства Бельгія.
4. Рэспубліка Балгарыя.
5. Боснія і Герцагавіна.
6. Дзяржава-горад Ватыкан.
7. Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.
8. Венгрыя.
9. Грэчаская Рэспубліка.
10. Каралеўства Данія.
11. Ірландыя.
12. Рэспубліка Ісландыя.
13. Каралеўства Іспанія.
14. Італьянская Рэспубліка.
15. Рэспубліка Кіпр.
16. Княства Ліхтэнштэйн.
17. Вялікае Герцагства Люксембург.
18. Рэспубліка Мальта.
19. Княства Манака.
20. Каралеўства Нідэрландаў.
21. Каралеўства Нарвегія.
22. Партугальская Рэспубліка.
23. Румынія.
24. Рэспубліка Сан-Марына.
25. Рэспубліка Паўночная Македонія.
26. Славацкая Рэспубліка.
27. Рэспубліка Славенія.
28. Фінляндская Рэспубліка.
29. Французская Рэспубліка.
30. Федэратыўная Рэспубліка Германія.
31. Рэспубліка Харватыя.
32. Чэшская Рэспубліка.
33. Швейцарская Канфедэрацыя.
34. Каралеўства Швецыя.
35. Эстонская Рэспубліка (у тым ліку асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Эстонскай Рэспубліцы).-0-