14 мая, Мінскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навесці парадак у рабоце харчовых рынкаў і забяспечыць доступ для фермераў. Аб гэтым ён заявіў сёння, наведваючы фермерскі рынак пад Мінскам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт у першую чаргу пацікавіўся, як выканана яго даручэнне па будаўніцтве фермерскага рынку з прадастаўленнем усім жадаючым магчымасці гандляваць прадукцыяй уласнай вытворчасці.
"Я хацеў бачыць тут фермерскі рынак, дзе любы прыватнік або не прыватнік, няважна, прывёз тавар і прадаў. І гэта павінна быць добрым канкурэнтам Камароўкі. Але вы павінны былі тут узяць якасцю, каб любы чалавек прыехаў, купіў тут мяса, малочную прадукцыю, яшчэ нешта і сказаў: так, гэта аб'ект 21-га стагоддзя", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым Прэзідэнт даручыў дакладна вызначыцца з канцэпцыяй работы аб'екта ў Валяр'янаве, знайсці баланс паміж інтарэсамі фермераў, іншых удзельнікаў гандлю і ўладальнікаў комплексу.
"Для мяне галоўнае - чалавек. Я чалавек вясковы. Я ведаю, што такое ўласнымі рукамі вырасціць і мець магчымасць прадаць, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Людзі павінны свабодна прадаць свой тавар. Непарушна павінна быць - доступ на рынак".
Прагучала таксама прапанова стварыць арганізацыю, якая купляла б прадукцыю ў фермераў, фізічных асоб і затым цэнтралізавана прадавала яе на рынку, па аналогіі з Белкаапсаюзам. Перавагі для фермераў у такім выпадку ў тым, што ім не трэба будзе на рэгулярнай аснове браць у арэнду месцы для продажу, набываць касавыя апараты, траціцца на дастаўку і гэтак далей.
Аляксандр Лукашэнка ў цэлым гэту ідэю падтрымаў: "Я абсалютна не супраць. Галоўнае - падштурхнуць чалавека, калі гэта магчыма, каб ён вырошчваў прадукцыю. А ён будзе гэта рабіць, калі да яго прыедуць, купяць і ён атрымае прыбытак".
"Калі мы хочам, каб прыватнікі, фермеры развіваліся, ім трэба даць магчымасць вырасціць і прадаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Людзі павінны свабодна прадаць свой тавар - і на Камароўцы, і на ўсіх рынках. Добра і свабодна", - паўтарыў сваё патрабаванне Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на ажыццяўленне бяспекі харчовай прадукцыі, якая паступае на прылаўкі. "Бяспека прадуктаў харчавання павінна быць бясспрэчнай", - запатрабаваў беларускі лідар.
Абмяркоўвалася таксама пытанне магчымых змяненняў у структуры ўласнікаў гандлёвага дома "Валяр'янава" для прыцягнення дадатковых інвестыцый і далейшага комплекснага развіцця аб'екта (інвестарамі па будаўніцтве першапачаткова выступілі агракамбінаты "Ждановічы" і "Дзяржынскі", ТАА "Велес-Міт" і Мінскі малочны завод нумар 1).
Прэзідэнт у цэлым цікавіўся, што яшчэ трэба, каб у поўнай меры рэалізаваць канцэпцыю і не ствараць з гэтага месца копію буйнога гандлёвага цэнтра, якіх у Мінску мноства. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, у бліжэйшы час плануецца цалкам задзейнічаць усе плошчы гандлёвага комплексу, уключаючы другі і трэці паверхі, пасля чаго з'явіцца магчымасць аб'ектыўна і ў поўнай меры ацаніць, наколькі эфектыўна і ў адпаведнасці з канцэпцыяй працуе аб'ект.
"На працягу бягучага года тут трэба зрабіць аб'ект, на які не сорамна будзе зайсці кожны дзень. Ужо водгукі людзей, хто тут быў, нядрэнныя, Кажуць, і людзі добра працуюць, і абслугоўванне добрае. Але вы мне вырашыце толькі адну задачу, чаго я ад вас патрабую: вырасціў ён цытрусавыя - ідзі прадавай, кавуны вырасціў - ідзі прадавай, мяса, малако, сыры і іншае - ідзі прадавай. Чалавек павінен мець свабодны доступ (да аб'ектаў гандлю. - Заўвага БЕЛТА), калі мы для народа будуем краіну", - сказаў Прэзідэнт.-0-