Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.11.2023

Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у ААЭ

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыбыў з рабочым візітам у Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, паведамляе БЕЛТА.

У бліжэйшыя дні ў Дубаі пад эгідай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый пройдзе Сусветны саміт па барацьбе са змяненнем клімату. У глабальным форуме плануецца шырокі ўдзел першых асоб - вялікі і прадстаўнічы склад дэлегацый.

Раней у прэс-службе Прэзідэнта паведамілі, што Аляксандр Лукашэнка на саміце агучыць падыходы і прапановы Беларусі па вырашэнні глабальных пытанняў кліматычнай і экалагічнай бяспекі. На палях саміту кіраўнік дзяржавы правядзе шэраг сустрэч і перагавораў.

Канферэнцыя будзе праходзіць амаль праз восем гадоў пасля заключэння Парыжскага пагаднення і на паўдарогі да рэалізацыі парадку дня да 2030 года.

Як вынікае з дакладаў ААН, свет не дасягнуў мэт Парыжскага пагаднення, але ёсць надзея, што сусветныя лідары створаць на саміце дарожную карту для паскарэння дзеянняў па барацьбе з кліматычнымі змяненнямі. Якую работу ў гэтым напрамку праводзіць Беларусь, у інтэрв'ю БЕЛТА нядаўна расказаў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Худык.