9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Трагедыя беларускага народа, які вынес на плячах тытанічны груз страт і разбурэнняў самай жорсткай вайны ХХ стагоддзя, несувымерная ні з якімі цяжкасцямі сённяшняга дня. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на ваенным парадзе ў гонар 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт заўважыў, што ў гэтым годзе ваенны парад у Мінску стаў адзіным на постсавецкай прасторы, але ён прайшоў у гонар усіх савецкіх воінаў, якія вызвалілі свет ад нацызму. "Сёння мы ўшаноўваем подзвіг нашых бацькоў і дзядоў. Іх шлях да перамогі быў абмыты слязамі маці, жонак і дзяцей, паліты крывёй загінулых у баях таварышаў і мірных жыхароў, авеяны попелам спаленых ворагам вёсак, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мы схіляемся перад подзвігам рускіх і беларусаў, украінцаў і яўрэяў, татар і казахаў, таджыкаў і ўзбекаў, кыргызаў і туркменаў, грузін, армян, азербайджанцаў і малдаван, латышоў, літоўцаў, эстонцаў - усіх жыхароў Савецкага Саюза, байцоў руху Супраціўлення Еўропы, нашых саюзнікаў - ЗША, Англіі і Кітая. Іх мужнасць, адвага і гатоўнасць памерці за Радзіму сталі страшнай зброяй адплаты для гітлераўскіх катаў і іх сатэлітаў".
Паводле яго слоў, паслядоўнікам нацысцкай ідэалогіі, захопнікам з празмернымі геапалітычнымі амбіцыямі гісторыя дала ўрок. Яго сэнс, адзначыў Прэзідэнт, просты і справядлівы: народ, які абараняе родную краіну, свае сем'і і будучыню дзяцей, непераможны.
"Беларусь стала на шляху агрэсара жывым шчытом. Тут, на нашай зямлі, прайшоўшы паў-Еўропы, гітлераўцы ўпершыню сустрэлі такое нястрымнае супраціўленне. Гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, горада Магілёва доўжылася значна даўжэй, чым захоп многіх еўрапейскіх дзяржаў. Менавіта ў жорсткіх баях 1941-га, у тым ліку і на беларускай зямлі, пахіснулася ўпэўненасць ворага ва ўласнай перавазе, былі закладзены асновы будучай Вялікай Перамогі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ва ўкладзе беларускага народа ў разгром фашызму няма сумненняў. У радах Чырвонай Арміі змагаліся 1,3 млн беларусаў, а больш як 400 тыс. падпольшчыкаў і партызан да канца 1943 года кантралявалі 60 працэнтаў акупіраванай тэрыторыі краіны. "Гэта гібель кожнага трэцяга беларускага жыхара, які засланіў сабой дарогу нацыстаў далей на ўсход - на сталіцу нашага Саюза. І пакуль нашы сэрцы адзываюцца болем за тых, хто не вярнуўся з палёў бітваў, пакуль гучыць праўда аб той вайне - мы памятаем! Бо за кожны дзень мірнага і свабоднага жыцця заплачана мільёнамі ахвяр і скалечаных вайной лёсаў. Мы назаўсёды звязаны кроўнымі вузамі з брацкімі народамі, з якімі нашы бацькі і дзяды спынілі катастрофу XX стагоддзя", - сказаў беларускі лідар.