Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
26.12.2023

Лукашэнка выказаўся аб галоўных задачах і перспектывах еўразійскай інтэграцыі да 2045 года

25 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу выказаўся аб перспектывах еўразійскай інтэграцыі да 2045 года. Увазе лідараў краін была прадстаўлена падрыхтаваная ў перыяд расійскага старшынства дэкларацыя аб асноўных задачах і ключавых напрамках далейшага развіцця інтэграцыйных працэсаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза на перыяд да 2030 і 2045 гадоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Важна, што нашы краіны жывуць не толькі сучасным. Мы добра разумеем мэты інтэграцыі ў бліжэйшым будучым. Па ініцыятыве расійскага боку падрыхтавана дэкларацыя, якая вызначае задачы развіцця Еўразійскага эканамічнага саюза да 2030 года і контуры інтэграцыі да 2045 года. У строгім духу эканамічнага прагматызму абазначаны канкрэтныя, зразумелыя мэты: далейшае будаўніцтва агульнага еўразійскага рынку, забеспячэнне яго ключавымі таварамі і рэсурсамі, развіццё кааперацыі, фарміраванне агульнай транспартна-лагістычнай прасторы і агульнага фінансавага рынку, актыўнае міжнароднае пазіцыянаванне ЕАЭС", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у развіццё дэкларацыі неабходна выпрацаваць і дарожную карту рэалізацыі намечанага: "Дэкларацыя вызначае важнейшыя напрамкі, па якіх мы будзем рухацца. Гэта канцэптуальная рэч. Таму сёння мы прынялі рашэнне, размаўляючы ў вузкім складзе, што пад дэкларацыю ў яе развіццё трэба прыняць дарожную карту - канкрэтны план нашага развіцця. Будзе няпроста, але мы такі план прымем".

Аб фінпадтрымцы кааперацыі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, пытанню фінансавай падтрымкі еўразійскіх кааперацыйных праектаў у прамысловасці за кошт сродкаў бюджэту саюза ўдзяляецца асаблівая ўвага.

"Добрая навінка. Інакш кажучы, мы будзем будаваць сумесна новыя прадпрыемствы і гэтым самым развіваць нашу эканоміку. Рашэнне прынята, крытэрыі падбору такіх праектаў распрацаваны і адобраны", - адзначыў ён.

Аб транспартна-лагістычнай і лічбавай інфраструктуры

Таксама важнае месца займае работа па сумесным развіцці транспартна-лагістычнай і лічбавай інфраструктуры дзяржаў-членаў, павышэнні транспартнай звязанасці саюза з рынкамі трэціх краін, якія актыўна развіваюцца.

"Спалучэнне нашых інфраструктурных магчымасцей, рэалізацыя патэнцыялу міжнародных арганізацый і інстытутаў развіцця могуць і павінны забяспечыць вырашэнне задачы па фарміраванні агульнакантынентальнай транспартна-лагістычнай і гандлёва-эканамічнай прасторы", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, добры прыклад такога аб'яднання намаганняў - транспартны калідор "Поўнач - Поўдзень", які рэалізуецца па ініцыятыве Прэзідэнта Расіі з удзелам Азербайджана і Ірана. "Гэта будзе прарыў транспартны і лагістыкі. Важна надаць гэтаму праекту дынаміку. Ні ў якім разе нельга яго пакінуць на паперы", - заўважыў беларускі лідар.

Аб "інтэграцыі інтэграцый" і статусе ЕАЭС у свеце

Максімальнае раскрыццё пасылаў і напрамкаў, адлюстраваных у дэкларацыі, - задача для ўрадаў краін і Еўразійскай эканамічнай камісіі. "Ва ўмовах фарміравання новага высокаканкурэнтнага геапалітычнага асяроддзя вынікам рэалізацыі ўсіх планаў хацелася б бачыць Еўразійскі эканамічны саюз калі не да 2030-га, то да 2045 года сапраўды адным з асноўных глабальных полюсаў эканамічнага прыцягнення", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на пасяджэнні ў вузкім складзе параўнаў ЕАЭС з іншымі інтэграцыйнымі аб'яднаннямі, такімі як ШАС і БРІКС. "Вельмі магутная арганізацыя - ШАС. Многія, хто ўваходзіць у склад ЕАЭС, з'яўляюцца членамі гэтага аб'яднання. БРІКС - вельмі распіяраная (і правільна), у будучым, магчыма, магутная арганізацыя, на якую глядзяць многія краіны, незадаволеныя развіццём сітуацыі ў ААН. Але, параўноўваючы іх з ЕАЭС, я раблю выснову, што мы маем больш магчымасцей. ШАС, БРІКС так не рушылі наперад у эканоміцы, як мы. У іх няма гэтай дынамікі. Яны яшчэ не дасягнулі таго ўзроўню інтэграцыі, якога дасягнулі мы", - растлумачыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, галоўнае цяпер не страціць тэмп і не спыняцца ў супрацоўніцтве і развіцці інтэграцыі: "Трэба рухацца ў гэтым напрамку. Каб мы былі вядучай не толькі рэгіянальнай, але і сусветнай эканамічнай арганізацыяй. А будзе эканоміка - да гэтага і палітыка прыйдзе, і ваенна-палітычнае супрацоўніцтва, калі будзе што абараняць. Яно таксама нікуды не дзенецца. У нас шанц. Самае галоўнае - не спыніцца".

У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў актуальнасць далейшага руху дзяржаў - членаў ЕАЭС у фарватары беларускай ініцыятывы "інтэграцыі інтэграцый", якая знайшла адлюстраванне ў асноўных напрамках міжнароднай дзейнасці ЕАЭС на 2024 год, што зацвярджаюцца на саміце ў Санкт-Пецярбургу.

"Дакумент ёмісты, правільны, у ім усё падрабязна выкладзена. Аднак у пытаннях міжнароднага пазіцыянавання саюза і міжнароднай дзейнасці камісіі хацелася б мець большую сістэмнасць. Таксама павінен быць пэўны план дзеянняў, а не тое, як уздумаецца", - заўважыў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, трэба актыўней працаваць над развіццём інстытута дзяржавы - наглядальніка пры саюзе, прыкладаць больш намаганняў у напрамку рэальнага спалучэння інтэграцыйных патэнцыялаў ЕАЭС, ШАС, БРІКС. "Нягледзячы на тое, што мы маем больш магчымасцей, трэба з імі больш цесна супрацоўнічаць. Ад гэтага мы станем толькі мацнейшымі. Трэба карыстацца перавагамі ўдзелу ў такіх дынамічных аб'яднаннях з з Расіяй, якая працуе ў іх на правах адной з ключавых краін-заснавальніц. Будзем усяляк падтрымліваць Расійскую Федэрацыю ў гэтай важнай калектыўнай рабоце", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.