Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.12.2023

Лукашэнка: з 1 студзеня ў Беларусі павінна быць дакладная, зразумелая сістэма рэгулявання цэн

21 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня павінна быць дакладная, зразумелая сістэма рэгулявання цэн. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях удасканалення сістэмы рэгулявання цэнаўтварэння і кантролю за цэнамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мэта адна, аб чым я папярэджваў урад, - ніякія вытворцы, бізнесмены, гандаль і іншыя, хто займаецца паслугамі, не павінны бегаць у МАРГ, у міністэрствы або ва ўрад. Яны не павінны туды бегаць узгадняць цэны. З 1 студзеня павінна быць дакладная, зразумелая сістэма", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў на канкрэтным прыкладзе: "Вось у вас 3 працэнты ў год прырост па нейкіх групах тавараў або ў цэлым. І ўсё. У першым квартале працэнт, у другім, у трэцім... А ў чацвёртым дэфляцыя 0,1 працэнта. І людзі будуць разумець, як ім выбудоўваць цэнаўтварэнне. Павінна быць дакладная, зразумелая сістэма".

Прэзідэнт даручыў яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання ва ўрадзе і падкрэсліў, што Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю не павінна займацца ўзгадненнем усіх гэтых цэн. "Слухайце, дык колькі ў МАРГ чалавек трэба будзе трымаць, каб яны ўсё гэта бачылі і ўзгаднялі? Вярніцеся ва ўрадзе да гэтай праблемы і нарэжце ўсім задачы. Ад кантралёраў, дэпутатаў да прэм'ер-міністра. Калі трэба мяне падключыць - калі ласка. Але пытанне павінна быць вырашана", - запатрабаваў ён.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў Беларусі, у тым ліку ў выніку прынятых мер па рэгуляванні ў цэнаўтварэнні, у бягучым годзе істотна знізілася інфляцыя. У той жа час скептыкі раней сцвярджалі, што такія меры могуць прывесці да сыходу з рынку шэрага ігракоў, аднак сітуацыя абсалютна нармальная.

"У нас інфляцыя складваецца, напэўна, 5-6 працэнтаў. Дамаўляліся, што ў 6 працэнтаў укладзёмся. Але не больш за 7 працэнтаў. Але было ж 19 працэнтаў. І ўсе гаварылі: нельга. Пісалі, што людзі сыдуць, гандляваць не будзе каму. Ёсць у нас каму гандляваць. А калі хтосьці не хоча па-чалавечы жыць у Беларусі - дарога адкрыта і туды, і назад", - рэзюмаваў беларускі лідар.-0-