Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
05.05.2020

Лукашэнка запрашае кіраўнікоў іншых дзяржаў прыехаць у Мінск на парад Перамогі

5 мая, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запрашае кіраўнікоў іншых дзяржаў прыехаць у Мінск на парад Перамогі. Адпаведнае запрашэнне ён агучыў сёння ў час размовы з прадстаўнікамі СМІ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Публічна запрашаю кіраўнікоў дзяржаў, хаця б былога Савецкага Саюза, прыехаць у Мінск і пабыць на гэтым парадзе, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Будзем спадзявацца, што хто-небудзь прыедзе. Не прыедуць - мы самі правядзём парад, як звычайна. Гэта я гавару пра вярхі. А простых людзей будзе дастаткова з усіх рэспублік на гэтым парадзе".

"Правільна было б сабрацца ў Мінску. Гэта рэспубліка, якая была сцерта з зямлі, якая першая прыняла ўдар, і дзе старыя людзі і дзеці, якія засталіся, амаль чатыры гады жылі ў балотах, лясах, зямлянках. Гэта самая пацярпелая рэспубліка - жывы помнік той бязлітаснай вайне. І тут трэба было сабрацца, а тым больш цяпер", - падкрэсліў беларускі лідар.

Разам з тым Прэзідэнт выказаў меркаванне, што некаторыя могуць не прыехаць нават не з-за боязі чаго-небудзь, а проста таму, што трэба захаваць твар. "Увялі ж каранцін, каменданцкую гадзіну (у шэрагу краін. - Заўвага БЕЛТА) і гэтак далей. І тут бах - у Беларусь паехалі...", - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў зрабіць так, каб убачыць беларускі парад была магчымасць шырокаму колу тэлегледачоў, у прыватнасці ў Расіі. "Трэба папрасіць расійскае тэлебачанне паказаць наш парад расіянам. Гэта ж нашы родныя браты", - заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка на заканчэнне дадаў, што цяпер пандэмія ў тым ліку выкарыстоўваецца ў якасці фактару ў вялікай палітыцы. "А ці тое яшчэ будзе пасля таго, як яна скончыцца", - канстатаваў беларускі лідар.