Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
11.12.2023

Луцкі ў Азарычах: мы ніколі не здрадзім памяці людзей, якія тут загінулі

9 снежня, Азарычы /Кар. БЕЛТА/. Мы ніколі не здрадзім памяці тых людзей, якія загінулі ў Азарычах, і слава воінаў-пераможцаў заўсёды будзе ў нашых сэрцах, заявіў у размове з журналістамі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі на адкрыцці мемарыяльнага комплексу ў Азарычах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння пасля маштабнай рэканструкцыі ў Калінкавіцкім раёне адкрылі мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкага лагера смерці. Ігар Луцкі падзяліўся сваімі адчуваннямі і эмоцыямі ад гэтага месца. "Тут нават гаварыць не хочацца. Тут хочацца проста маўчаць і думаць. Думаць аб тым, што тут адбылося амаль 80 гадоў таму, і аб тым, што адбываецца ў свеце сёння", - расказаў ён.

На думку намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кожная сусветная вайна прыніжае планку чалавечнасці. “Наша задача – захаваць мір і не дапусціць паўтарэння таго, што адбывалася тут. А тут было фізічнае і маральнае прыніжэнне і знішчэнне нашага народа. Як тады мы выстаялі, змаглі пераадолець, так і сёння пераадолеем. Яны (краіны калектыўнага Захаду. – Заўвага БЕЛТА) павінны гэта зразумець. Хочаце жыць там і кіраваць сваім народам - кіруйце. Не ўмешвайцеся ў наша жыццё. Мы самі ведаем, як яго будаваць, як выхоўваць сваіх дзяцей. І мы ніколі не здрадзім памяці тых людзей, якія тут загінулі. І слава воінаў-пераможцаў заўсёды будзе ў нашых сэрцах і сэрцах нашых дзяцей", - запэўніў ён.

"Здзіўлены, чаму аўстрыйцы і немцы так сябе паводзяць у адносінах да нас. Іх народ павінен яшчэ раз вярнуцца ў гісторыю і зразумець, што тое, што яны твораць цяпер, - гэта фактычна паўтарэнне таго, што было, маленькія крокі да вялікага процістаяння, вялікай гібелі", - акцэнтаваў увагу ён.

Ігар Луцкі азнаёміўся з лакацыямі абноўленага мемарыяльнага комплексу ў Азарычах. На пытанне аб значнасці такіх месцаў, ён адказаў словамі кіраўніка дзяржавы: "Наш Прэзідэнт не раз гаварыў: "Прыйдзіце і паглядзіце". Усё стане зразумела".

"Азарычы" называлі жывым шчытом вермахта. У 1944 годзе нямецкімі акупантамі былі створаны тры лагеры смерці ("Дзерць", "Азарычы", "Падасіннік") пад агульнай назвай "Азарычы". Балоцістую мясцовасць абгарадзілі калючым дротам, тэрыторыю вакол замініравалі. Пад выглядам эвакуацыі туды сагналі 50 тыс. вязняў, у тым ліку 15,96 тыс. дзяцей, 14 тыс. жанчын, больш за 4 тыс. старых. Людзі знаходзіліся пад адкрытым небам, без вады і ежы, на лютым марозе. Зверствуючы, фашысты ўпершыню прымянілі тут бактэрыялагічную зброю - сыпны тыф. Людзі паміралі ў пакутах. Сярэдняя працягласць жыцця ў Азарычах складала каля трох сутак.

Лагер праіснаваў 10 дзён, якія забралі жыцці больш як 20 тыс. чалавек, 33,48 тыс. вязняў лагера "Азарычы" былі вызвалены савецкімі войскамі.