Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
17.07.2024

Маладзёжныя экіпажы намалацілі больш за 36 тыс. тон збожжа

16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Маладзёжныя экіпажы на ўборцы ўраджаю намалацілі больш за 36 тыс. т збожжа, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Вераніка Гудкова.

"Пытанне паспяховай уборачнай кампаніі заўсёды было стратэгічным для Беларусі, менавіта таму БРСМ штогод праводзіць рэспубліканскі праект "Моладзь - за ўраджай", - расказала Вераніка Гудкова. - Традыцыйна яго ўдзельнікамі з'яўляюцца маладзёжныя ўборачныя экіпажы камбайнераў і маладыя вадзіцелі транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжавых і зернебабовых культур. Адметная асаблівасць іх тэхнікі - стылізаваная наклейка з лагатыпам праекта".

Усяго ў палях краіны задзейнічаны 275 маладзёжных экіпажаў, разам яны намалацілі 36 392 т збожжа і зернебабовых. 2 маладзёжныя экіпажы (з Гомельскай і Мінскай абласцей) перасягнулі ўжо рубеж 1 тыс. т. Значных вынікаў дасягнулі і маладыя вадзіцелі. Усяго ў палях працуюць 206 маладых вадзіцеляў, з іх 13 - тысячнікі. Усяго маладыя вадзіцелі перавезлі 39 310 т збожжа.

"Лідзіруючую пазіцыю ў маладзёжнай уборачнай кампаніі займае Брэсцкая вобласць. На хлебнай ніве рэгіёна працуюць 80 маладзёжных экіпажаў, якія намалацілі ў суме 16 223 т, і 62 маладыя вадзіцелі, якія перавезлі ў суме 20 592 т", - дапоўніла Вераніка Гудкова.

Праект рэалізуецца з мэтай павышэння прадукцыйнасці працы маладых працаўнікоў вёскі, занятых на ўборцы ўраджаю, заахвочвання іх працоўнай ініцыятывы.