Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.11.2023

МАЗ будуе новы завод па вытворчасці пасажырскага транспарту, запуск запланаваны на 2025 год

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. МАЗ будуе новы завод па вытворчасці пасажырскага транспарту. З уводам яго ў эксплуатацыю выпуск такой прадукцыі плануецца нарасціць у два разы. Аб гэтым паведаміў намеснік генеральнага дырэктара ААТ "МАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЎТАМАЗ" - дырэктар па эканоміцы Аляксандр Ігнацюк у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага".

Пасажырская тэхніка, паводле слоў спецыяліста, карыстаецца цяпер высокім попытам. Аўтобусы маркі МАЗ папулярныя як сярод жыхароў гарадоў, так і ў спецыялістаў эксплуатуючых арганізацый. "Наша тэхніка вызначаецца надзейнасцю, добрымі суадносінамі "цана-якасць", - растлумачыў сакрэт папулярнасці Аляксандр Ігнацюк.

На будучыню ў прадпрыемства грандыёзныя планы па развіцці пасажырскай тэхнікі, звярнуў увагу ён. "Пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы мы будуем новы аўтобусны завод, новы корпус. Павялічваем магутнасці вытворчасці практычна ў два разы, - дадаў намеснік дырэктара. - Ужо з 2025 года пачнём вырабляць практычна ў два разы больш пасажырскай тэхнікі". Калі ў апошнія гады МАЗ вырабляе 1,3-1,5 тыс. адзінак пасажырскай тэхнікі за год, то ў бягучым годзе лічба павялічыцца да 1,8 тыс., а пасля ўводу ў эксплуатацыю новага завода мінімальны аб'ём вытворчасці будзе 3 тыс. адзінак у год.

"Асноўны ўпор у бліжэйшыя гады мы будзем рабіць на вывадзе на рынак тэхнікі трэцяга пакалення", - падкрэсліў спецыяліст. Цяпер некалькі такіх адзінак эксплуатуюцца - чатыры аўтобусы і электробусы ў Мінску і гарадах абласнога значэння. Нядаўна паставілі партыю такіх тралейбусаў у Казань.

Далей будзем пашыраць магутнасці па вытворчасці новага пакалення аўтобусаў. Яны характарызуюцца лепшымі паказчыкамі зручнасці для пасажыраў, камфорту для вадзіцеля. З эстэтычнага пункту гледжання яны больш прывабныя, становяцца ўпрыгажэннем гарадоў, дзе эксплуатуюцца. І па сваіх тэхнічных характарыстыках яны больш сучасныя, адпавядаюць вядучым сусветным практыкам як з пункту гледжання камфорту і эксплуатацыі, так і з пункту гледжання тэхнічных характарыстык", - растлумачыў Аляксандр Ігнацюк.

Будаўніцтва новага завода МАЗ па вытворчасці пасажырскага транспарту пачата ў бягучым годзе. На 2024-ы намечана самая актыўная частка будаўніцтва - плануецца ўзвесці корпус і ўстанавіць там абсталяванне. Да канца 2024 года гэта павінен быць практычна гатовы завод. Застанецца толькі правесці пусканаладачныя работы і ўвесці аб'ект у эксплуатацыю. У пачатку 2025 года завод павінен працаваць ужо.

Як растлумачыў намеснік дырэктара, пасажырскі транспарт для МАЗа з'яўляецца топ-прадуктам з высокай ступенню рэнтабельнасці. "Таму мы і рэалізуем праект па развіцці вытворчасці такога транспарту, - сказаў ён. - А сярод грузавой тэхнікі вышэйшая канкурэнцыя як на нашых традыцыйных рынках, так і на ўнутраным".