Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.07.2023

Медыяцэнтр II Гульняў краін СНД адкрыецца на базе БДУФК. Мінспорту пра ўмовы работы журналістаў

27 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. II Гульні краін СНД выклікаюць вялікую цікавасць у журналістаў, заявіў у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць" начальнік упраўлення нацыянальных каманд Міністэрства спорту і турызму Беларусі, старшыня Беларускай федэрацыі сучаснага пяцібор'я Міхаіл Пракапенка.

"Ёсць сапраўды вялікая цікавасць з боку журналістаў. Мы арганізавалі прэс-тур месяц таму. Прыехалі журналісты з розных краін, нават з краін, якія не прымаюць на гэты раз удзел. Але ім цікава было паглядзець. Яны засталіся задаволены, пад вялікім уражаннем ад тых аб'ектаў, якія ў нас будуць задзейнічаны на Гульнях. Хоць мы разумеем, што месяц таму яны яшчэ былі ў працэсе падрыхтоўкі. Гэта яшчэ не тыя аб'екты, якія будуць непасрэдна на Гульнях з наведзеным глянцам", - расказаў Міхаіл Пракапенка.

Паводле яго слоў, на базе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ў час Гульняў пачне працаваць медыяцэнтр. "Ён будзе забяспечаны неабходным абсталяваннем для таго, каб паўнацэнна прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі маглі працаваць, нават не перамяшчаючыся са сталіцы ў іншыя гарады, маглі атрымліваць аператыўную інфармацыю, рабіць свае рэпартажы. Зразумела, што гэта будзе ў рэжыме анлайн. Даволі камфортныя ўмовы. Ведаю, што гэты цэнтр абсталёўваецца цяпер, і ён будзе выдатным, зручным для работы", - адзначыў начальнік упраўлення.

Міхаіл Пракапенка нагадаў, што на базе БДУФК размешчаны аператыўна-каардынацыйны цэнтр, куды сцякаецца ўся інфармацыя аб Гульнях. Таму невыпадкова менавіта тут будзе працаваць і медыяцэнтр. "Гэта лагічна правільнае рашэнне, калі там, куды сцякаецца ўся інфармацыя, побач будуць знаходзіцца журналісты. Таму ўпэўнены, што ўсім спадабаецца", - падкрэсліў ён.

Як заявіў начальнік упраўлення, для журналістаў будуць створаны максімальна камфортныя ўмовы для работы на Гульнях. "У частцы лагістыкі, вядома ж, будзе ўсё прадугледжана, і хацелася б ад нашых гасцей атрымліваць загадзя інфармацыю. Ёсць праграма на сайце, можна з ёю азнаёміцца, выказаць свае пажаданні. У нас ёсць адказныя, замацаваныя па функцыянальных напрамках дзейнасці. Да іх сцякаюцца ўсе аператыўныя даныя, яны іх апрацоўваюць, накопліваюць. Пры прыездзе ў Беларусь прадстаўнікоў СМІ яны з імі будуць узгадняць гэту інфармацыю. Калі яна застаецца без змен, то складаецца лагістычны план. Калі неабходна журналістам накіравацца ў далёкую кропку, што прадугледжвае некалькі дзён знаходжання, то ідзе абавязковая камунікацыя з гасцінічнымі комплексамі, дзе будуць яны спыняцца, пражываць, харчавацца і гэтак далей. Гэта значыць, я ўпэўнены, што нашым гасцям - прадстаўнікам СМІ вельмі спадабаецца ў Беларусі", - дадаў ён.-0-