Галоўная / Белорусская версия / Навiны / Навiны рэспублiкi
27.09.2022

Мінсельгасхарч: ураджай збожжа ў гэтым годзе вышэйшы за мінулагодні

26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ураджай збожжа ў гэтым годзе ў цэлым вышэйшы за мінулагодні. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік упраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Ядлоўскі.

"На гэты момант збожжа ў бункернай вазе намалочана на 1,5 млн т больш, чым у мінулым годзе. Ураджайнасць збожжавых вырасла ў параўнанні з мінулым годам на 6 ц/га і складае 36,4 ц/га. Цяпер завяршаецца ўборка грэчкі і проса - засталося ўбраць 10 працэнтаў і 7 працэнтаў адпаведна. Так, з культур на зерне застаецца толькі кукуруза. Яе ўборка будзе прадаўжацца на працягу кастрычніка і, магчыма, захопіць лістапад. Усё залежыць ад умоў надвор'я. Пакуль што рэзультаты ўраджаю добрыя, аднак усе вынікі будуць падводзіцца, калі закончыцца ўборачная кампанія і збожжа засыплюць у свірны", - заявіў спецыяліст.

Тэмпы ўборачных работ па агародніне і іншых культурах у бягучым годзе вышэйшыя. "Так, агародніна ўбрана амаль на 3 тыс. га плошчаў, што складае 43 працэнты. У мінулым годзе на гэты перыяд часу было ўбрана 42 працэнты, але пры гэтым і ўборачная плошча тады была меншай. У бягучым годзе плошчаў адкрытага грунту ў сельскагаспадарчых арганізацыях больш", - адзначыў Васіль Ядлоўскі.

У гаспадарках Беларусі ўжо нарыхтавана 68 працэнтаў кармоў ад плана (амаль 6,5 млн т адзінак). Гэта на 260 тыс. т кармавых адзінак больш, чым у мінулым годзе.

"Аграрыі нарыхтавалі на 1 млн т больш сіласу. Гэта звязана з тым, што тэмпы ўборкі кукурузы ў нас у бягучым вышэйшыя. У сенажы мы таксама дадалі ў аб'ёме. Упэўнены, што кармоў будзе не менш, чым у мінулым годзе", - сказаў начальнік упраўлення.

Паводле яго слоў, тэмпы сяўбы азімых збожжавых у цэлым вышэйшыя за мінулагоднія, аднак па Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях ёсць невялікія адставанні ад графіка.