Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.11.2023

МНС нагадвае аб правілах бяспекі ў галалёд

29 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства па надзвычайных сітуацыях нагадвае аб асноўных правілах бяспекі ў галалёд, паведамляе БЕЛТА.

Выратавальнае ведамства рэкамендуе падрыхтаваць для выхаду на вуліцу абутак, які не слізгае, і перамяшчацца асцярожна, не спяшаючыся, наступаючы на ўсю падэшву. Пры гэтым ногі павінны быць злёгку расслаблены, рукі свабодныя. Пажылым людзям рэкамендуецца выкарыстоўваць палку з гумовым наканечнікам або спецыяльную палку з завостранымі шыпамі.

Калі ўсё ж чалавек паслізнуўся, МНС раіць прысесці, каб знізіць вышыню падзення. У момант падзення трэба пастарацца згрупавацца, каб змякчыць удар аб зямлю.

Галалёд часта суправаджаецца абледзяненнем, таму ратавальнікі раяць трымацца далёка ад будынкаў і канструкцый, з якіх можа ўпасці наледзь. Асаблівую ўвагу трэба звяртаць на правады ліній электраперадачы і кантактных сетак электратранспарту, абрыў якіх можа прывесці да траўмы.

Вадзіцелям МНС рэкамендуе быць вельмі асцярожнымі і ўважлівымі, па магчымасці ўстрымацца ад паездак. Перш чым выехаць на трасу, пераканацца ў адпаведнасці стану рызіны ўмовам дарожнага пакрыцця. МНС нагадвае аўтамабілістам, што пры руху неабходна захоўваць скорасны рэжым, улічваць інтэнсіўнасць руху, асаблівасці і стан транспартнага сродку і грузу, дарожныя і метэаралагічныя ўмовы і бачнасць у напрамку руху.