Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
10.02.2023

Муравейка: сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі гатова да любых рызык і выклікаў

9 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На базе Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь 9 лютага завяршаецца маштабная трэніроўка дзяржаўных органаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На працягу трох дзён пад кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі адпрацоўваліся алгарытмы дзеянняў дзяржорганаў у розных умовах абстаноўкі.

"Асаблівая ўвага ў ходзе трэніроўкі ўдзелена міжведамаснаму ўзаемадзеянню, - падкрэсліў першы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Павел Муравейка. - Акцэнт рабіўся не толькі на сілавым блоку. Эфектыўнасць забеспячэння нацыянальнай бяспекі залежыць ад зладжаных дзеянняў усіх без выключэння - Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў, Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі, Нацыянальнага банка, розных міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў улады, якія таксама прыцягваліся да трэніроўкі".

Паводле слоў Паўла Муравейкі, галоўная задача ў час адпрацоўкі дзеянняў дзяржорганаў пры рэагаванні на тую ці іншую крытычную сітуацыю - выявіць і ўстараніць так званыя вузкія месцы. Ужо цяпер падрыхтаваны прапановы па павышэнні эфектыўнасці іх работы, удасканаленні нарматыўна-прававой базы ў сферы бяспекі.

"У цэлым мы чарговы раз пераканаліся, што сістэма забеспячэння нацыянальнай бяспекі гатова да любых рызык і выклікаў, - адзначыў першы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі. - Усе дзяржорганы прадэманстравалі ўменне аператыўна дзейнічаць у розных умовах абстаноўкі".