7 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Органы ўнутраных спраў гатовы да ажыццяўлення грамадскай бяспекі ў час святкавання Дня Перамогі, заявіў журналістам намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення аховы правапарадку галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Сяргей Мірончык, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністэрствам унутраных спраў у межах кампетэнцыі ажыццяўляецца неабходная падрыхтоўчая работа па забеспячэнні грамадскай бяспекі пры правядзенні святочных мерапрыемстваў. Для выканання задач, ускладзеных на органы ўнутраных спраў, рэалізуецца комплекс неабходных мер. Традыцыйна ўсе месцы правядзення мерапрыемстваў будуць узяты пад наш кантроль, папярэдне агледжаны сапёрна-піратэхнічнымі групамі, а таксама абсталяваны кантрольна-прапускнымі пунктамі", - расказаў Сяргей Мірончык.
Паводле яго слоў, усе грамадзяне змогуць прайсці да святочных лакацый толькі пасля асабістага надгляду і надгляду рэчаў, якія знаходзяцца пры іх. "Перад кожным КПП будзе ўстаноўлены стэнд з інфармацыяй з пазначэннем прадметаў і рэчаў, забароненых да праносу. Для асоб асаблівай катэгорыі - гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, інваліды, цяжарныя жанчыны, а таксама бацькі з малалетнімі дзецьмі - будуць абсталяваны дадатковыя пункты пропуску. Для зручнасці мы рэкамендуем прыходзіць на мерапрыемствы загадзя. Асобы ў стане алкагольнага ап'янення ў рэжымныя месцы дапускацца не будуць", - адзначыў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення.
"Органы ўнутраных спраў гатовы да ажыццяўлення грамадскай бяспекі грамадзян у час святкавання Дня Перамогі, - падкрэсліў Сяргей Мірончык. - Асабовы склад нацэлены на аказанне ўсебаковай дапамогі нашым грамадзянам. Пераканаўчая просьба з разуменнем ставіцца да абмежавальных мер, захоўваць устаноўлены парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, не дапускаць парушэнняў дзеючага заканадаўства. У выпадку выяўлення безгаспадарных прадметаў, падазроных асоб або транспартных сродкаў - прашу неадкладна інфармаваць праваахоўныя органы".