Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.05.2023

На "Славянскі базар" без візы: у ДПК удакладнілі правілы ўезду для ўдзельнікаў і гасцей форуму

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. З 4 па 23 ліпеня для замежных грамадзян з 73 краін, якія накіроўваюцца на міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" праз міжнародныя пункты пропуску, прадугледжаны бязвізавы парадак уезду ў Беларусь. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.

У ДПК падкрэслілі, што для бязвізавага ўезду ў Беларусь гэтай катэгорыі замежных грамадзян трэба прад'явіць дзеючы дакумент для выезду за мяжу, а таксама арыгінальныя або электронныя білеты на мерапрыемствы фестывалю ў Летнім амфітэатры або канцэртнай зале "Віцебск".

Замежным удзельнікам музычнага форуму ўезд без віз будзе магчымы пры наяўнасці запрашэння Цэнтра культуры "Віцебск" або Міністэрства культуры Беларусі.

У ведамстве ўдакладнілі, што па адным білеце (арыгінальным або электронным) магчымы аднаразовы ўезд у нашу краіну аднаго іншаземца не пазней за дату правядзення мерапрыемства, абазначаную ў гэтым білеце.

Таксама замежныя грамадзяне вызваляюцца ад дзяржпошліны за рэгістрацыю часовага знаходжання ў нашай краіне.