Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.11.2023

Орда: мы робім усё, каб захаваць гістарычную памяць - галоўную абарону ад паўтарэння жахаў вайны

23 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мы робім усё, каб захаваць гістарычную памяць, якая з'яўляецца галоўнай абаронай ад паўтарэння жахаў вайны. Аб гэтым заявіў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда на міжнародным форуме "Нюрнбергскі працэс і сучаснае міжнароднае права", які праходзіць у Мінску з 21 па 24 лістапада пад эгідай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для нас - прафсаюзаў - самай галоўнай каштоўнасцю з'яўляецца мір. Таму што толькі ў мірных умовах чалавек можа працаваць, ствараць сям'ю, гадаваць дзяцей. Таму мы робім усё магчымае для таго, каб захаваць нашу памяць, якая з'яўляецца галоўнай абаронай ад паўтарэння жахаў вайны. У гэтыя дні 78 гадоў таму пачаў сваю работу Нюрнбергскі судовы працэс над галоўнымі нацысцкімі ваеннымі злачынцамі. Гэта беспрэцэндэнтная па сваёй значнасці падзея сусветнай гісторыі. Сёння мы разумеем, што гэтага працэсу магло і не быць. Краіны антыгітлераўскай кааліцыі - Францыя, ЗША, Вялікабрытанія прапаноўвалі адмовіцца ад суда і прыняць проста палітычнае рашэнне аб пакаранні галоўных кіраўнікоў Рэйха. Але менавіта Савецкі Саюз настаяў на тым, каб гэты суд адбыўся ў адкрытым міжнародным фармаце. Гэта было неабходна зрабіць у інтарэсах усяго чалавецтва, каб не толькі пайменна назваць галоўных злачынцаў фашысцкай Германіі, адказных за смерць і пакуты мільёнаў людзей, самае важнае - гэты працэс быў неабходны для таго, каб пакараць нечалавечую сутнасць нацызму і паставіць яго па-за законам ва ўсім свеце і не дапусціць у далейшым яго адраджэння. Нюрнберг паставіў лагічную кропку ў Другой сусветнай вайне, вынес заслужаныя прыгаворы лідарам нацызму і прызнаў злачынным шэраг арганізацый, такіх як гестапа, войскі СС, СД. Вядучыя краіны свету - СССР, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, а таксама многія іншыя дзяржавы далучыліся да антыгітлераўскай кааліцыі, дакладна вызначылі і зацвердзілі, што менавіта фашысцкая Германія з'яўляецца агрэсарам і развязала Другую сусветную вайну. Гэты прыгавор - трыбунал - атрымаў адабрэнне сусветнай супольнасці ў рэзалюцыях Генеральнай асамблеі ААН", - расказаў Міхаіл Орда.

Ён адзначыў, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў гэтыя ісціны не ставіліся пад сумненне. "Усё таму, што былі жывыя сведкі вайны, зверстваў фашызму, тыя, хто перанёс жахі акупацыі і знаходжання ў канцэнтрацыйных лагерах і змог выжыць, тыя, хто змог вярнуцца з нямецкага рабства. Іх жывая памяць была той заслонай, якая не дазваляла адрадзіцца нацызму. Сёння мы разумеем, што з іх жывымі засталіся літаральна адзінкі. І гэта развязвае рукі паслядоўнікам нацызму і тым, хто даўно марыў перапісаць вынікі Нюрнберга, сказіць у цэлым гісторыю і зрабіць з катаў і злачынцаў герояў. Знос помнікаў воінам-вызваліцелям, дазвол і нават падтрымка неанацысцкіх фарміраванняў, гераізацыя тых, хто прыслужваў гітлераўцам, апраўданне нацысцкіх злачынцаў - гэта ўсё звёны аднаго ланцуга. Мы бачым, што ўсё гэта адбываецца, на жаль, у многіх краінах. Асобныя палітыкі забылі ўрокі вайны і ўрокі Нюрнберга і зноў пачынаюць усё больш дыктаваць іншым, як ім жыць. Яны лічаць магчымым уводзіць санкцыі, якія, як паказвае гісторыя, нярэдка выступаюць прадвеснікамі вайны, лічаць магчымым пазбаўляць мільёны людзей, дзяцей неабходных прадуктаў харчавання, лякарстваў з адной мэтай - устанавіць сваю палітычную і эканамічную перавагу. Пры гэтым яны цынічна гавораць, што гэта прымальная цана дасягнення іх так званай дэмакратыі", - канстатаваў старшыня ФПБ.

Міхаіл Орда нагадаў, што ў той жа Германіі ў мінулым стагоддзі фашызм, нацызм узнік не адразу. "Усё пачыналася з таго, што праводзілася планамерная палітыка, накіраваная на тое, каб пераканаць немцаў у тым, то яны лепшыя, разумнейшыя за іншых, што яны - выключная нацыя, якая можа і павінна вызначаць, як жыць іншым народам. І паступова тое, што першапачаткова здавалася проста немагчымым - забойствы, катаванні, доследы над людзьмі, знішчэнне цэлых народаў і краін, для многіх стала нормай. Прычым гэта мяжа бесчалавечнасці была пройдзена вельмі хутка. І сёння свет рызыкуе зноў падысці да гэтага, таму так важна сёння, звяртаючыся да вынікаў і ўрокаў Нюрнбергскага працэсу, расказваць і паказваць праўду асабліва нашай моладзі. Матэрыялы Нюрнбергскага працэсу найбольш поўна і дакладна паказваюць праўду Другой сусветнай вайны. Гэта страшная праўда, якую часам цяжка перанесці, але яе трэба ведаць. Галоўны ўрок Нюрнберга - гэта барацьба ўсіх дзяржаў супраць тых, хто імкнецца ўсталяваць сусветнае панаванне. Гэтага ў свой час дабівалася гітлераўская Германія, і гэта прывяло да жудаснай вайны і найвялікшых пакут усяго чалавецтва", - рэзюмаваў кіраўнік.

У міжнародным форуме прымаюць удзел прадстаўнікі дзесяці краін: Беларусі, Расіі, Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана, Таджыкістана, Сербіі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі. Партнёрамі мерапрыемства выступаюць Генеральная пракуратура, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Форум падзелены на два самастойныя блокі. Першы - навукова-практычная канферэнцыя "Нюрнбергскі працэс у сучасных аспектах міжнароднага права, палітыкі і гісторыі". У рамках другога праходзіць конкурс студэнцкіх каманд універсітэтаў розных краін "Нюрнбергскі працэс і сучаснае міжнароднае права". Спаборніцтвы прадугледжваюць ігравое судовае пасяджэнне Міжнароднага крымінальнага суда.