Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
03.04.2023

Орда: ніхто з сусветных лідараў, акрамя Лукашэнкі, не мае смеласці так адкрыта гаварыць з народам

31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ніхто з сусветных лідараў, акрамя Лукашэнкі, не мае смеласці так адкрыта і сумленна гаварыць з народам і светам у цэлым. Такое меркаванне БЕЛТА выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда, каменціруючы Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і парламенту.

"Гэта адметная рыса нашага Прэзідэнта: без прыкрас, не спрабуючы камусьці спадабацца або дагадзіць, зарабіць нейкія асабістыя палітычныя ачкі, а заўсёды адкрыта і сумленна гаварыць аб тым, што адбываецца, і называць рэчы сваімі імёнамі. І нягледзячы ні на якія выклікі, ні на якія знешнія пагрозы, адстойваць інтарэсы сваёй краіны і свайго народа, - адзначыў Міхаіл Орда. - Менавіта такім было сённяшняе пасланне. Прычым па ўсіх важнейшых тэмах, пачынаючы ад бяспекі людзей і краіны, канфлікту ў суседняй Украіне і заканчваючы тым, як нам забяспечыць далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё, дастойную заработную плату і сацыяльны дабрабыт людзей".

Размова была вельмі адкрытай, сумленнай, падкрэсліў старшыня ФПБ. "І скажу так, ацверажальнай для тых, хто сёння, магчыма, марыць аб тым, што наша краіна зверне з выбранага шляху і будзе пад чыімсьці ботам, - дадаў ён. - Кіраўнік дзяржавы дакладна абазначыў, што мы, як і ў папярэднія дзесяцігоддзі, будзем адстойваць сацыяльную справядлівасць. Каб у нашай дзяржаве не было такога страшэннага падзелу, як на Захадзе, на тых, хто мае мільярды, і тых, хто па 14 гадзін у суткі за капейкі будзе для іх зарабляць гэтыя мільярды. Што мы будзем умацоўваць нашу незалежнасць, у тым ліку эканамічную, і будзем развіваць свае тэхналогіі, свае вытворчасці і свае прафесійныя кадры. І што мы не станем здраднікамі ў адносінах да сваіх продкаў і захаваем гістарычную праўду".