Петрышэнка: мэта ўступнай кампаніі - адабраць самых матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў
20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мэта ўступнай кампаніі - адабраць самых матываваных і падрыхтаваных абітурыентаў. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка перад пасяджэннем дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ў 2024 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Сёння першае пасяджэнне дзяржкамісіі. Усе арганізацыйныя пытанні вырашаны. Важна, каб самыя матываваныя, самыя падрыхтаваныя абітурыенты не толькі з пункту гледжання ведаў, але і актывісты ў грамадскім жыцці маглі рэалізаваць сваё права для атрымання вышэйшай адукацыі ў нашай краіне", - сказаў Ігар Петрышэнка.
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, у гэтым годзе больш за 50 тыс. чалавек плануецца прыняць у ВНУ, каля 39 тыс. - у каледжы.
Ён нагадаў, што ў лютым у рэгіянальных ВНУ прайшлі ўніверсітэцкія алімпіяды, іх пераможцы могуць быць залічаны ў ВНУ без экзаменаў. У сакавіку адбыўся заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, пераможцы таксама паступяць у ВНУ без уступных іспытаў. "Пераможцы абласных алімпіяд маюць права паступіць без экзаменаў у рэгіянальныя ВНУ, а таксама на запатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці - педагагічныя, сельскагаспадарчага профілю і іншыя", - адзначыў Ігар Петрышэнка.
Далей пройдзе цэнтралізаваны экзамен 27 і 30 мая. "Ён сумешчаны з цэнтралізаваным тэсціраваннем для выпускнікоў мінулых гадоў. 3 і 6 чэрвеня - ЦТ для ўсіх абітурыентаў", - дадаў віцэ-прэм'ер.
Яшчэ адзін важны этап - прыём дакументаў у мэтавікоў і здача імі ўнутраных іспытаў у адпаведных навучальных установах. Ігар Петрышэнка разлічвае, што мэтавы набор будзе большым, чым у мінулым годзе.
"Важна, каб у час уступных іспытаў юнакі і дзяўчаты выкарыстоўвалі толькі атрыманыя веды, не спрабавалі карыстацца мабільнымі тэлефонамі і іншымі падручнымі сродкамі, не хваляваліся. Камісіі настроены на тое, каб стварыць максімальна камфортныя ўмовы для абітурыентаў. Было рэпетыцыйнае тэсціраванне, таму дзеці ўсё ведаюць і гатовы. Галоўнае - сканцэнтравацца, і ўсё абавязкова атрымаецца", - рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.