Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
15.06.2023

Петрышэнка: у гэтым годзе ўрад выпрацуе канчатковыя рашэнні па ўступнай кампаніі

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У гэтым годзе ва ўрадзе будуць выпрацаваны канчатковыя рашэнні па правядзенні ўступнай кампаніі, заявіў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка на сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сфера адукацыі з'яўляецца адной з найбольш значных для грамадства. Як паказала сітуацыя, што ўзнікла з падлікам балаў па выніках цэнтралізаванага экзамену, самае нязначнае непаразуменне можа справакаваць сацыяльную хвалю. А падлічана ж было ўсё правільна, методыка разліку надзейная: яна выкарыстоўваецца ў многіх краінах", - адзначыў Ігар Петрышэнка.

Праверка міжведамаснай камісіі пацвердзіла іх правільнасць. "Адзінае, што не было зроблена, - своечасова не растлумачылі, як будуць падлічвацца балы. Памылка выпраўлена, высновы на будучыню зроблены", - падкрэсліў віцэ-прэм'ер.

"У гэтым годзе ва ўрадзе будуць выпрацаваны канчатковыя рашэнні па правядзенні ўступнай кампаніі, у тым ліку па выбары найбольш аптымальнай формы школьных экзаменаў і ўступных іспытаў - вусныя і пісьмовыя, тэсціраванне або экзамены па білетах, гутаркі. Такая задача пастаўлена кіраўніком дзяржавы. Вынікі ўступнай кампаніі бягучага года будуць дэталёва прааналізаваны дзяржаўнай камісіяй. Будуць вывучаны меркаванні ўсіх зацікаўленых: навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў", - дадаў Ігар Петрышэнка.