Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
29.12.2021

"Прафесіяналы і адданыя роднай зямлі людзі". Сергяенка ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

28 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўных узнагарод і Падзякі Прэзідэнта Беларусі ўдастоены 57 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання з удзелам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі адбылася сёння ў Палацы Рэспублікі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

За доўгія гады плённай працы, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у развіццё прамысловасці і будаўніцтва, добраахвотнага страхавання і дарожнай гаспадаркі, высокія дасягненні ў галіне аховы здароўя, культуры, дабрачыннасці і гуманітарнай дзейнасці, заслугі ў вучобе і выхаванні падрастаючага пакалення 45 чалавек узнагароджаны медалём "За працоўныя заслугі". Восем чалавек атрымалі ордэн Францыска Скарыны. Акрамя таго, уручаны чатыры Падзякі Прэзідэнта.

"Завяршаецца 2021 год. Краіна рыхтуецца прайсці чарговы рубеж летазлічэння сваёй незалежнасці. Кожны год для нас важны як новая ступень у будаўніцтве маладой суверэннай дзяржавы, - адзначыў Ігар Сергяенка. - Адыходзячы год запомніўся перш за ўсё галоўнай палітычнай падзеяй у жыцці краіны. Мы правялі Усебеларускі народны сход, вызначылі прыярытэты развіцця Беларусі, разам выбралі дату і ўпершыню адзначылі новае дзяржаўнае свята - Дзень народнага адзінства".

У 2022 год, як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, беларусы ўступаюць з аптымізмам і ўпэўненасцю ў заўтрашнім дні. "Гэту ўпэўненасць даяце вы, працавітыя, адказныя людзі, зараджаныя на вынік і без астатку адданыя сваёй справе. Па даручэнні Прэзідэнта дзякую кожнаму з вас за асабістыя дасягненні гэтага года, з якіх складаецца дабрабыт нашай роднай краіны, вашых сем'яў і ў цэлым усіх беларусаў. Вы і вашы працоўныя калектывы - аўтары агульнага поспеху, і нам сапраўды ёсць чым ганарыцца", - падкрэсліў ён, звяртаючыся да ўзнагароджаных.

Ігар Сергяенка звярнуў увагу, што ў бягучым годзе захаваны самы высокі за апошнія 10 гадоў тэмп росту прамысловай вытворчасці, робіцца ўзмацненне ў інавацыйнай дзейнасці. "На МТЗ выраблены першы беспілотны трактар. Пачынаем тэсціраваць доследныя ўзоры новай айчыннай кар'ернай тэхнікі БЕЛАЗ з грузападымальнасцю да 300 т. Значна вырас экспарт сельгаспрадукцыі, павялічылася геаграфія паставак тавараў і тэхнікі, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю. У бягучым годзе пабудавана 40 тыс. кватэр, уведзены ў эксплуатацыю шэраг знакавых аб'ектаў аховы здароўя ў Мінску, Магілёве і Брэсце. Пабудаваны новыя школы і дзіцячыя сады ў Баранавічах, Бабруйску, Гомелі, Мінску, спартыўныя комплексы ў Магілёве, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Мы ўпэўнена ўзнімаемся на высокія месцы ў міжнародных рэйтынгах па ўзроўні жыцця. Важна, што мы ідзём наперад, нягледзячы на пандэмію і беспрэцэдэнтны націск з-за мяжы", - канстатаваў ён.

Паводле яго слоў, высокія дасягненні ў розных сферах дзейнасці дасягнуты дзякуючы прафесіяналам сваёй справы, надзейным і адданым роднай зямлі людзям. Сярод узнагароджаных - прадстаўнікі такіх вядомых у Беларусі і за яе межамі прадпрыемстваў, як "Беларуськалій", "Малочны свет", Аршанскі льнокамбінат і многія іншыя. Заслужаныя ўзнагароды атрымалі настаўнікі, работнікі культуры, кіраўнікі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і творчых прафесій. У зале прысутнічала шмат доблесных медыкаў, якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з пандэміяй і іншымі захворваннямі.

"Вы сапраўдныя героі гэтага года, і, улічваючы выклікі нашага часу, гэта не метафара, а канстатацыя факта. Дазвольце ў вашай асобе падзякаваць працоўным калектывам, якія вы прадстаўляеце. У любой справе немагчымы асабісты рост без удзелу і пляча чалавека, які стаіць побач. Прызнанне вашых заслуг на дзяржаўным узроўні таксама знак якасці прадпрыемстваў, арганізацый, што вырасцілі класных спецыялістаў. Шчыра рады выканаць даручэнне кіраўніка дзяржавы і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Нізкі паклон вам за адданасць краіне і народу, за тое, што вы робіце для людзей", - дадаў Ігар Сергяенка.

Галоўны ўрач Гродзенскай універсітэцкай клінікі Сяргей Лазарэвіч больш за 25 гадоў у медыцыне. "Сённяшняя ўзнагарода - вынік сур'ёзнай працы ўсяго калектыву бальніцы і ўсяго майго працоўнага жыцця. Усе задачы, што ставіў перад сабой і сваёй установай, рэалізаваліся, у нас добрая клініка, якая пастаянна развіваецца, - сказаў ён. - Ва ўстанове рэалізуецца пілотны праект па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі. Мы арганізавалі практыка-арыентаваны напрамак, дзякуючы якому круглы год студэнты праходзяць практыку на нашай базе, за імі замацоўваюцца практыкуючыя ўрачы. Гэты праект актуальны ў першую чаргу для развіцця навуковай дзейнасці клінікі, падрыхтоўкі маладых кадраў. І мы бачым вынік: ужо на больш ранніх курсах яны выбіраюць напрамак сваёй далейшай дзейнасці".

Паводле слоў прафесара кафедры інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА Ганны Ключаровай, высокая ацэнка дзяржавы - заслуга ўсіх тых, хто працаваў разам з ёй. "Адыходзячы рабочы год быў чарговым рабочым годам, хоць і прайшоў крыху цяжэй, чым папярэдні. Мы лячылі хворых, увесь час вучыліся. Два гады таму, калі сталі працаваць з кавідам, то нічога не ведалі пра гэта захворванне. Тыя схемы лячэння, з якіх пачыналі, адышлі ў мінулае. Цяпер прыйшлі новыя спосабы лячэння, вакцынацыя, і з'явілася надзея, што перамога ўсё ж такі будзе", - падзялілася яна.