Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
20.01.2023

Праваслаўныя вернікі святкуюць Хрышчэнне Гасподняе

19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваслаўныя вернікі сёння святкуюць Хрышчэнне Гасподняе (Богаяўленне) - адно з вялікіх непераходных дванадзясятых свят. Яно ўстаноўлена ў памяць аб хрышчэнні Ісуса Хрыста ў рацэ Іардан.

З Евангелля вядома, што Іаан Хрысціцель, заклікаючы народ да пакаяння, хрысціў людзей у вадзе Іардана. Ісус Хрыстос прыйшоў да Іаана, каб хрысціцца, аднак той, лічачы сябе недастойным праводзіць абрад над Збавіцелем, стаў утрымліваць яго, гаворачы: "Мне трэба хрысціцца ад Цябе і ці Ты прыходзіш да мяне?" Але Ісус адказаў яму, што так належыць здзейсніцца праўдзе. Тады Іаан павінаваўся і хрысціў Ісуса.

Вядома, што пры хрышчэнні Збавіцеля Бог явіў сябе свету ў трох іпастасях: Бог Сын - Ісус Хрыстос прымаў хрышчэнне ў Іардане, Дух Святы сышоў на яго ў выглядзе галуба, Бог Айцец засведчыў Ісуса Хрыста голасам з неба "сей есть Сын Мой возлюбленный, в котором Мое благоволение". Таму Хрышчэнне іншымі словамі называюць Богаяўленнем.

Свята пачынаецца яшчэ ўвечары 18 студзеня, калі праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышчанскае павячэр'е, у час якога, пасля літургіі ў храмах, праводзіцца асвячэнне вады. Другі раз вада асвячаецца ў час свята Богаяўлення. Людзі вераць, што ў гэты час вада набывае гаючыя ўласцівасці і захоўвае іх на працягу года. Яе даюць піць цяжкахворым, ёю асвячаюць храмы і дамы.

Да нашых дзён захавалася традыцыя акунацца на Хрышчэнне Гасподняе ў палонку. Лічыцца, што ў час абраду ў вадзе, што з'яўляецца крыніцай новага жыцця, чалавек памірае для граху і ўваскрасае для Бога.