Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.09.2023

Прохараў: запатрабаванне на работу студэнцкіх атрадаў у наймальнікаў расце

11 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Усё больш наймальнікаў гатовы прыняць на работу ўдзельнікаў студатрадаў, заявіў другі сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Прохараў у праекце БЕЛТА "Краіна гаворыць".

"Дзякуючы ўсебаковай падтрымцы Прэзідэнта, яго вялікай увазе мы не толькі захавалі, але і сёння, можам упэўнена сказаць, вывелі на новы ўзровень студатрадаўскі рух. Спачатку гэта былі студэнцкія атрады, потым з'явіліся Усебеларускія маладзёжныя будоўлі. За апошнія 3-4 гады мы актыўна працуем па рэалізацыі стратэгіі рэспубліканскіх працоўных праектаў. І гэты год вельмі знакавы, мы пашырылі лінейку такіх праектаў, - расказаў Аляксандр Прохараў. - Калі ў 2020 годзе мы стартавалі з адзіным такім праектам на тэрыторыі Мінскага завода халадзільнікаў "Атлант", сёння дабавіліся яшчэ МТЗ, МАЗ, "Гомсельмаш". Многія нашы праекты з працоўных вытворчых перараслі ў міжпрофільныя. Мы тут злучаем разам вытворчасць, будоўлю, сэрвіс. Гэта запыт наймальніка".

Паводле яго, сёння студэнцкія атрады - ужо брэнд. "Гэта такое вядомае імя, якое гаворыць само за сябе. І як моладзь хоча ісці працаваць у складзе студэнцкіх атрадаў, так і наймальнікі сёння ўжо загадзя падаюць свае заяўкі і ведаюць, калі патрэбны дадатковыя працоўныя рэзервы, трэба звяртацца ў Рэспубліканскі штаб студэнцкіх атрадаў", - адзначыў другі сакратар ЦК БРСМ.

Аляксандр Прохараў нагадаў, што цяпер у студэнтаў ВНУ з'явілася магчымасць атрымаць дадаткова рабочую спецыяльнасць. "Гэта яшчэ адна дадатковая опцыя падтрымкі дзяржавы, асабіста Прэзідэнта. Быў такі запыт, як з боку моладзі, так і наймальніка, каб маладыя людзі прыходзілі на вытворчасць, будоўлю і гэтак далей ужо атрымаўшы пэўныя кампетэнцыі, навыкі. Гэта можна атрымаць праз кароткатэрміновыя практыка-арыентаваныя курсы. І мы такі ў бягучым годзе пілотны праект запусцілі. Паглядзелі гэту дынаміку, яна дае станоўчыя водгукі", - падкрэсліў ён.

"З Беларускай чыгункай у бягучым годзе праект запусцілі. Там у нас праваднікі пасажырскага вагона, манцёры пуці. Па лініі Міністэрства прамысловасці - аператар станкоў з праграмным кіраваннем, слесар механазборачных работ. На гэты год будзем пашыраць пералік рабочых спецыяльнасцей, - дапоўніў Аляксандр Прохараў. - Для маладога чалавека гэта добра тым, што гэта атрыманне дадатковай рабочай спецыяльнасці на ўсё жыццё. Гэта другая адукацыя па вялікім рахунку, рабочая прафесія. Бясплатна ў свабодны ад вучобы час кароткатэрміновыя практыка-арыентаваныя курсы. Калі да наймальніка прыходзіць малады чалавек з кампетэнцыямі, навыкамі - гэта станоўча ўплывае на яго заработную плату, да яго адносяцца ўжо і глядзяць крыху інакш, яго ставяць на вельмі важны і адказны ўчастак. І, паводле водгукаў, якія прыходзяць ад наймальнікаў, не падводзіць моладзь".

Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.-0-