Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
28.10.2021

Рамонт дарог, вытворчасць і жыллё: Сергяенка правёў прыём грамадзян у Вілейцы

27 кастрычніка, Вілейка /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка правёў сёння выязны прыём грамадзян у Вілейскім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта звярнуліся 8 чалавек з розных раёнаў Мінскай вобласці. Тлумачэнні і адказы на пытанні грамадзян на прыёме таксама давалі намеснікі старшынь райвыканкамаў, кіраўнікі ведамасных аддзелаў і галіновых арганізацый.

Першай звярнулася жыхарка аграгарадка Ждановічы Таццяна Печанёва. Паводле яе слоў, у пачатку кастрычніка з-за эканамічнай немэтазгоднасці адмянілі работу маршрутных таксі, якія заязджалі ў населены пункт. Аўтобусы нумароў 219, 419 і 420 не аднавілі. "Транспарт, які ходзіць, не даязджае некалькі кіламетраў да вуліцы Паркавай, дзе размешчаны жылыя дамы, санаторыі і іншыя сацыяльныя аб'екты. Да таго ж на гэтым участку дрэннае асвятленне і тратуары. Хвалюемся за бяспеку дзяцей, якія вымушаны ў цемнаце дабірацца дадому", - расказала жанчына.

Жыхары аграгарадка звярталіся ў ДП "Сталічны транспарт і сувязь" і Мінгарвыканкам, аднак праблема не вырашаецца. Паводле слоў спецыялістаў, цяпер графік руху пасажырскага транспарту пераглядаецца. Ён з'явіцца, аднак інтэрвал руху будзе больш рэдкі, чым раней.

Ігар Сергяенка абавязаў намесніка старшыні Мінгарвыканкама Юрыя Трушчанку і дырэктара ДП "Мінаблпасажыртранс" знайсці рашэнне праблемы на працягу двух тыдняў, каб забяспечыць насельніцтва неабходнай колькасцю пасажырскага транспарту да надыходу халадоў.

Валянціна Нілаўна і Уладзімір Гаруноў прыйшлі з калектыўным зваротам ад жыхароў вёскі Забор'е. Грамадзяне просяць заасфальтаваць участак дарогі Н9119 Радашковічы - Загорцы - Карпавічы да вёскі Лаўцэвічы. Яе працягласць - 9,2 км. "Дарога гравійная, стан дрэнны, таму што слой часта парушаюць грузавыя аўтамабілі. У сувязі з дарожнымі ўмовамі адсутнічаюць нармальныя пасажырскія зносіны з Мінскам, у тым ліку чыгуначнай станцыяй Радашковічы. Не ўсе маюць машыны, праблематычна дабрацца да той жа паліклінікі", - падкрэслілі заяўнікі.

Як адзначылі спецыялісты, з транспартнай інспекцыяй прапрацоўваецца другі ўчастак для руху велікагрузных машын. Таксама разглядаецца пытанне асфальтавання месца, якое, паводле падлікаў, абыдзецца бюджэту каля Br2,5 млн, аднак у бягучым годзе зрабіць гэты ўчастак не атрымаецца.

Як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, пытанне пастараюцца вырашыць, каб людзі змаглі дабірацца да неабходных ім месцаў камфортна. "Зрабіць ідэальна, можа, і не атрымаецца, але варыянты адпрацуем і выберам самы аптымальны для ўсіх. Што датычыцца сённяшняй сітуацыі, то палатно будуць падтрымліваць у нармальным стане, асфальтаванне як варыянт пазначыў", - сказаў Ігар Сергяенка.

З пытаннем капітальнага рамонту асфальтабетоннага пакрыцця ўчастка дарогі Н8177 Крывое Сяло - Варонічы - Будкі - Любоўшы ад вёскі Асавец да вёскі Балашы звярнуўся пенсіянер Міхаіл Галянко. Участак пастараюцца адрамантаваць.

На прыём таксама прыйшла жыхарка пасёлка Юбілейны Мінскага раёна Вольга Жукава. Разам з мужам як шматдзетныя бацькі яны пачалі будаваць двухпакаёвую кватэру ў СБЖК "Ратавальнік-2008" на вул. Набярэжнай, 57. У час узвядзення жылплошчы ў сям'і нарадзілася яшчэ двое дзяцей, што дало магчымасць выкарыстаць ільготны крэдыт для выплаты ўсяго кошту кватэры. Разам з тым будаўніцтва вялося за кошт уласных сродкаў. "Пераплата склала Br11 тыс. Дом здадзены год таму, але старшыня СБЖК адмаўляецца вяртаць грошы. Гаворыць, што іх няма", - расказала жанчына.

Паводле слоў спецыяліста, цяпер рахункі старшыні СБЖК арыштаваны. Выплаціць суму ён не можа.

Як адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта, пытанне патрабуе дэталёвага даследавання і пошуку выйсця, але шматдзетнай сям'і пастараюцца дапамагчы.

Дырэктар ТАА "Любанская сельскагаспадарчая кампанія" Ігар Сівец расказаў, што з ліпеня 2021 года прадпрыемства, дзе лічыцца 17 супрацоўнікаў, не працуе, паколькі няма ўласнай лабараторыі. Як высветлілася, раней Мінаблвыканкам прыняў рашэнне, якое ўпарадкоўвае дзейнасць прыватных мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. У прыватнасці, іх абавязалі арганізаваць лабараторыі для праверкі якасці прадукцыі. "Аб'ёмы вытворчасці маленькія. Прашу ў выглядзе выключэння дазволіць вазіць прадукцыю ў іншыя лабараторыі, паколькі сродкаў для набыцця дарагога абсталявання няма", - папрасіў мужчына.

Паводле слоў старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Мінаблвыканкама, сярод 60 падобных прадпрыемстваў больш за 30 выканалі патрабаванні і дапушчаны да вытворчай дзейнасці. "Закупляйце абсталяванне і працуйце", - сказаў Ігар Сергяенка.

У час прыёму некаторыя заяўнікі падзякавалі Адміністрацыі Прэзідэнта за вырашэнне праблем. У прыватнасці, прагучала падзяка за садзейнічанне ў рамонце дваровай тэрыторыі па вул. Гагарына, 9 у Вілейцы.

Да Ігара Сергяенкі таксама звярталіся з просьбамі аказаць садзейнічанне ў правядзенні капітальнага рамонту жылога дома, устанаўлення даплат да пенсій.-