Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
14.07.2022

Развіццё сацыяльнай сферы і эканомікі. У Мінгарвыканкаме прайшло пасяджэнне з удзелам Качанавай

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прыняла ўдзел у пасяджэнні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На закрыцці восьмай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання Наталля Качанава акцэнтавала ўвагу на тым, што бягучая абстаноўка абавязвае прымаць усе неабходныя меры для ажыццяўлення эканамічнай бяспекі краіны і захавання дастойнага ўзроўню жыцця беларусаў.

"Час, калі мы спадзяваліся на некага, хто будзе "вышэй" вырашаць задачы, што стаяць перад намі, прайшоў. Усім даўно пара навучыцца самастойна прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць. Несумненна, жаданы вынік будзе толькі тады, калі будуць забяспечаны жалезабетонная дысцыпліна і парадак у частцы ўвасаблення задуманага", - адзначыла спікер.

Старшыня Савета Рэспублікі 7 ліпеня правяла нараду з кіраўніцтвам сталіцы, дзе абмяркоўваліся актуальныя пытанні жыццядзейнасці горада. Па выніку сустрэчы было прынята рашэнне правесці пасяджэнне са структурнымі падраздзяленнямі Мінгарвыканкама, кіраўнікамі ведамстваў, прадпрыемстваў, арганізацый.

"Сёння на пасяджэнні разглядаецца пытанне сацыяльна-эканамічнага развіцця горада за студзень - май бягучага года. Мы падводзім вынікі работы за пяць месяцаў, бачым шэраг праблемных пытанняў, якія неабходна глыбока вывучыць і прааналізаваць для сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы, - адзначыў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. - Хачу абазначыць, што выкананне заданняў, якія даведзены да прадпрыемстваў, арганізацый горада, жыццёва важна".

Паводле яго слоў, бачна работа, што праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта, якая датычыцца актывізацыі ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. "Штотыднёва ў нас праходзяць сустрэчы з кіраўніцтвам расійскіх рэгіёнаў. На праведзеным Форуме рэгіёнаў былі пастаўлены сур'ёзныя задачы па сумеснай рабоце па экспарце, сыравіне, імпартазамяшчэнні. Ёсць сур'ёзныя зрухі, і ўсе кіраўнікі рэгіёнаў Расіі выказваюць гатоўнасць з намі супрацоўнічаць", - канстатаваў Уладзімір Кухараў.

"На пасяджэнні было разгледжана пытанне аб выкананні мэтавых паказчыкаў Мінгарвыканкама за студзень - май бягучага года: два выкананы, два не. Былі дэталёва вывучаны прычыны, з-за якіх не дасягнуты такія паказчыкі, як валавы рэгіянальны прадукт і інвестыцыі ў асноўны капітал. Запрошаны і заслуханы прадстаўнікі профільных міністэрстваў, непасрэдна суб'екты гаспадарання, прапаноўваліся шляхі вырашэння", - дадала намеснік старшыні Мінгарвыканкама Надзея Лазарэвіч.

Наталля Качанава і Уладзімір Кухараў яшчэ раз паставілі дакладныя задачы аб безумоўным выкананні даведзеных паказчыкаў па выніках дзевяці месяцаў гэтага года.