Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.12.2023

Рэспубліканскі савет па гістарычнай палітыцы абмеркаваў новыя вучэбныя праграмы і культурнае імпартазамяшчэнне

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка 5 снежня прыняў удзел у пасяджэнні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

З першых дзён дзейнасць савета была нацэлена на ўдасканаленне гістарычнай адукацыі. Гэтыя пытанні былі ўключаны ў парадак дня і цяперашняга пасяджэння. Члены савета абмеркавалі распрацоўку вучэбных праграм па гісторыі беларускай дзяржаўнасці для сярэдняй спецыяльнай адукацыі і па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі для 10-х класаў.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец таксама праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб падыходах да развіцця гістарычных часопісаў, якія знаходзяцца ў яго ведамстве. У прыватнасці, міністэрства прапануе абнавіць канцэпцыю часопіса "Гісторыя і грамадазнаўства" - выданне возьме курс на навукова-папулярны фармат, каб прыцягнуць больш шырокую аўдыторыю. Пры гэтым часопіс, хутчэй за ўсё, атрымае іншую назву.

Асобным пунктам савет разгледзеў пытанні выдавецкай дзейнасці. Абмеркаваны падыходы Міністэрства інфармацыі да выключэння з продажу выданняў, якія скажаюць гістарычную праўду, і алгарытм міжведамаснага ўзаемадзеяння па выключэнні з бібліятэчных фондаў экстрэмісцкіх выданняў.

Пры гэтым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка растлумачыў журналістам, што ў Беларусі ўжо даўно працуе камісія, якая прызнае тыя ці іншыя выданні экстрэмісцкімі або тымі, што змяшчаюць экстрэмісцкія заклікі. Таму на пасяджэнні адбылося прамежкае падвядзенне вынікаў. "І, можа, наспела неабходнасць выпрацаваць крыху іншыя механізмы. Размова не ідзе аб фізічным знішчэнні тых ці іншых выданняў", - дадаў ён.

Міністр культуры Анатоль Маркевіч расказаў аб выпрацоўцы адзіных падыходаў да рэалізацыі культурнага імпартазамяшчэння. Паводле яго слоў, падрыхтаваны праект адпаведнай канцэпцыі на 2024-2026 гады, яна будзе накіравана на ўсе сферы жыцця грамадства. "Мэтай з'яўляецца забеспячэнне культурнай бяспекі Беларусі", - сказаў міністр.

Асаблівая ўвага ў дакуменце ўдзелена захаванню гісторыка-культурнай спадчыны і нацыянальных традыцый, развіццю нацыянальнай мастацкай культуры. Асобныя напрамкі датычацца культуры побыту, грамадскіх адносін і вытворчасці.

"Мы гаворым аб тым, як культываваць, прапагандаваць і ўкараняць у жыццё наша", - адзначыў Ігар Сергяенка.

Як расказала старшыня канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна, гандлёвыя аб'екты ў гэтым годзе сталі цесна супрацоўнічаць з рамеснікамі, і іх прадукцыя з нацыянальным каларытам карыстаецца папулярнасцю.

Першае пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта прайшло на базе Нацыянальнай акадэміі навук у сакавіку 2022 года. Савет быў створаны па распараджэнні кіраўніка дзяржавы і працуе на пастаяннай аснове, у ім дзейнічаюць 4 камісіі: па канцэптуальных асновах айчыннай гісторыі, па навукова-метадычным суправаджэнні гістарычнай палітыкі, па інфармацыйна-асветнай рабоце і па знешнепалітычным суправаджэнні гістарычнай палітыкі.

Падводзячы вынікі работы савета за гэты час, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Сергяенка адзначыў, што ў мінулым годзе ўдалося зрушыць з месца тэму выкладання гісторыі Беларусі ў ВНУ і ўдасканаліць школьную гістарычную адукацыю. У гэтым годзе былі арганізаваны на больш высокім узроўні навуковыя канферэнцыі па пытаннях захавання гістарычнай памяці, наладжана цеснае ўзаемадзеянне з расійскімі калегамі.