Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
09.02.2024

"Рэзерваў для росту дастаткова". Лукашэнка абазначыў прыярытэты ў супрацоўніцтве з Узбекістанам

8 лютага, Ташкент /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Узбекістан пацвердзілі прынцыповую нацэленасць на выбудоўванне супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што перагаворы прайшлі ў выключна адкрытай, дружалюбнай, братэрскай абстаноўцы, былі змястоўнымі і рэзультатыўнымі.

"Мы разгледзелі шырокі спектр пытанняў і пацвердзілі прынцыповую нацэленасць на выбудоўванне супрацоўніцтва ва ўсіх напрамках, дзе ў Мінска і Ташкента ёсць сумесныя праекты", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у першую чаргу размова ідзе аб гандлёва-эканамічнай сферы. У цэлым краіны маюць тут нядрэнныя вынікі. За мінулы год тавараабарот перасягнуў новы гістарычны максімум у памеры паўмільярда долараў.

"Тым не менш разумеем, што рэзервы вялікія", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве

Адзін з іх - стварэнне новых і пашырэнне ўжо існуючых партнёрскіх сувязей на ўзроўні абласцей дзвюх краін. "І форум рэгіёнаў, які прайшоў напярэдадні ў Ташкенце, гэта пацвердзіў. На жаль, за перыяд пандэміі кантакты недзе аслаблі. Але цяпер самы час іх аднавіць і напоўніць канкрэтнымі праектамі. Іх нямала", - заўважыў беларускі лідар.

Аб вытворчай кааперацыі

У якасці прыярытэтных пытанняў у час перагавораў абмяркоўвалася паглыбленне вытворчай кааперацыі, стварэнне сумесных прадпрыемстваў, забеспячэнне спрыяльных умоў для абмену таварамі і паслугамі.

"Пры гэтым у арганізацыі сумесных вытворчасцей мы нацэлены на доўгатэрміновае супрацоўніцтва і планамерную іх лакалізацыю, што забяспечыць стварэнне новых працоўных месцаў ва Узбекістане. Галоўныя арыенціры - імпартазамяшчэнне і тэхналагічны суверэнітэт, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З улікам вытворчых і інтэлектуальных рэсурсаў нашых краін бачым велізарны патэнцыял у машынабудаванні, аграпрамысловым комплексе, лёгкай прамысловасці. Мы асобна спыніліся на тэме паглыблення кааперацыі ў сферы фармацэўтыкі, уключаючы пытанні вырабу ва Узбекістане беларускіх лекавых прэпаратаў і стварэння новых сумесных вытворчасцей".

Аб супрацоўніцтве з трэцімі краінамі

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у час перагавораў размова ішла ў тым ліку аб супрацоўніцтве з трэцімі краінамі, у прыватнасці, з Афганістанам. Гэтай тэме прэзідэнты ўдзялілі шмат увагі.

"Суседнія дзяржавы, асабліва шматпакутны Афганістан (аб чым шмат мне расказваў Шаўкат Мірамонавіч), маюць патрэбу ў нашай дапамозе і падтрымцы. А гэта перш за ўсё лекавыя прэпараты, прадукты харчавання і адзенне - тое, што патрэбна чалавеку. Мы шмат у гэтым напрамку можам зрабіць і працаваць з Афганістанам. Усе ўмовы для гэтага ва Узбекістане створаны. Для нас гэта вельмі цікавая тэма", - сказаў Прэзідэнт.

Аб падрыхтоўцы спецыялістаў і навуковых абменах

Абедзве рэспублікі надаюць важнае значэнне пашырэнню ўзаемадзеяння ў культурна-гуманітарнай сферы. Краіны цяпер актыўна супрацоўнічаюць у галіне навукі і адукацыі, рэалізуюць сумесныя праекты па абмене вопытам, навучанні і стажыроўцы спецыялістаў.

У беларускіх ВНУ і па сумесных праграмах навучаюцца больш за 5 тыс. узбекскіх студэнтаў, а некалькі гадоў таму іх было ўсяго некалькі дзясяткаў.

"Я паабяцаў свайму сябру, блізкаму чалавеку, што мы зробім усё, што ён пажадае, у галіне адукацыі. У тым ліку і створым тут філіялы нашых школ і ВНУ пры неабходнасці, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Мы таксама гатовы да рэалізацыі планаў па навуковых абменах. Форум рэктараў ВНУ і медыцынскі форум, якія прайшлі ў канцы мінулага года, паказваюць запатрабаванасць і вялікія перспектывы нашага супрацоўніцтва ў гэтых сферах".

Ён таксама адзначыў пашырэнне ўзаемадзеяння ў галіне спорту і турызму. Беларускі бок гатовы развіваць кантакты і паміж моладдзю дзвюх дзяржаў, актывізаваць правядзенне сумесных мерапрыемстваў, тым больш што ў гэтым годзе Ташкент стаў маладзёжнай сталіцай СНД.

Аб супрацоўніцтве на міжнародных пляцоўках

"Мы не маглі абмінуць міжнародны парадак дня і будзем далей развіваць наша супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках. Мы ўдзячны ўзбекскаму боку і асабіста Прэзідэнту за пастаянную падтрымку Беларусі ў міжнародных арганізацыях", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што дасягнутыя ў час перагавораў дамоўленасці адкрыюць добрыя перспектывы для выбудоўвання доўгатэрміновага раўнапраўнага партнёрства Беларусі і Узбекістана. Кіраўнік дзяржавы запрасіў свайго ўзбекскага калегу наведаць з афіцыйным візітам Беларусь у любы зручны для яго час. "Спадзяюся на прадаўжэнне нашага плённага дыялогу ў Мінску", - рэзюмаваў беларускі лідар.