Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
11.01.2023

Се Сяаюн: кітайска-беларускія адносіны перайшлі на новы ўзровень на аснове добрага фундаменту

10 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кітайска-беларускія адносіны перайшлі на новы ўзровень на аснове ісуючага добрага фундаменту. Такое меркаванне выказаў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол КНР у Рэспубліцы Беларусь Се Сяаюн, выступаючы 10 студзеня на прэзентацыі паштовага праекта "Год Труса" з серыі "Усходні каляндар" (мастацкая паштовая марка, канверт першага дня і спецыяльны памятны штэмпель), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дыпламатычнай місіі падкрэсліў: "У мінулым годзе кітайска-беларускія адносіны чарговы раз павысілі сваю якасць і перайшлі на новы ўзровень на аснове існуючага добрага фундаменту, зрабіўшы гістарычны скачок".

"У верасні мінулага года Старшыня КНР Сі Цзіньпін і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе двухбаковай сустрэчы ў Самаркандзе прынялі рашэнне павысіць кітайска-беларускія адносіны да ўзроўню ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, надаўшы новы імпульс кітайска-беларускаму супрацоўніцтву ў розных галінах, - нагадаў дыпламат. - Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць сардэчную ўдзячнасць усім сябрам, якія ўнеслі актыўны ўклад у развіццё кітайска-беларускіх адносін".

Ён выказаў упэўненасць, што ў далейшым бакі з яшчэ большай рашучасцю і эфектыўнасцю будуць пашыраць кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах.

"Праз дзесяць дзён мы адзначым 31-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю. Дзякуючы стратэгічнаму кіраванню і агульнаму клопату кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, а таксама сумесным намаганням розных органаў і сяброў з розных колаў дзвюх краін кітайска-беларускае супрацоўніцтва ў розных галінах, несумненна, адкрые яшчэ больш шырокія перспектывы развіцця", - падкрэсліў Се Сяаюн.