Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
30.10.2023

Сергяенка: гісторыя камсамола - не толькі наша мінулае і сучаснаснасць, гэта наша будучыня

27 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гісторыя камсамола - не толькі наша мінулае і сучаснасць, гэта наша будучыня, заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка ў час урачыстага сходу і святочнага канцэрта "Наша маладосць", прысвечаных 105-годдзю Усесаюзнага камсамола і 60-годдзю Беларускіх студэнцкіх атрадаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паважаныя ўдзельнікі ўрачыстага сходу, дарагія ветэраны камсамола, актывісты Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, у гэтыя кастрычніцкія дні мы сустракаем 105-ю гадавіну ўтварэння Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі. Сваё віншаванне пачну вядомымі словамі савецкай песні: Камсамол - не проста ўзрост. Камсамол - мой лёс! Менавіта камсамол даў пуцёўку ў жыццё мільёнам юнакоў і дзяўчат, стаў эпохай яркіх біяграфій. Яго ідэі звязалі адзіным лёсам мінулыя, сучасныя і будучыя пакаленні. Гэта ідэі дружбы, узаемадапамогі, любові да роднай зямлі, імкнення да міру і творчай працы. Гэта каштоўнасныя арыенціры, якія знаходзяцца па-за палітычнай кан'юнктурай", - сказаў Ігар Сергяенка.

Мы ганарымся камсамольцамі, якія стаялі ля вытокаў стварэння маладзёжнага саюза, адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. "Прыйшоў вораг - яны ўзялі зброю і пайшлі абараняць сваю радзіму, гінучы, здзяйснялі подзвігі. Прыйшоў час адраджаць краіну з попелу Вялікай Айчыннай, яны ўзялі ў рукі рыдлёўкі і цэглу - пайшлі будаваць гарады і дарогі, узводзіць прамысловыя гіганты, асвойваць космас і цалінныя землі. І калі трэба было - камсамольцы працавалі без сну і адпачынку, ведучы за сабой усю моладзь, - падкрэсліў ён. - Але мала сёння ганарыцца іх мужнасцю і працавітасцю. Мала дзякаваць ім за здзейсненыя подзвігі, якія вярнулі мір на нашу зямлю, і нават мала помніць. Трэба берагчы і прымнажаць традыцыі. Менавіта таму кіраўнік дзяржавы не даў згаснуць факелу камсамольскага руху. Цяпер гэты факел у руках Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі".

"Гісторыя камсамола - гэта не толькі наша мінулае і сучаснасць, гэта наша будучыня, - сказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. - Звяртаюся да вас, да моладзі. Савецкія камсамольцы дастойна прайшлі свой гістарычны шлях. Вашы бацькі пасля развалу Савецкага Саюза захавалі лепшую спадчыну эпохі. Цяпер ваш час пакінуць у летапісе роднай Беларусі не менш яскравы след".

Ігар Сергяенка зачытаў прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам урачыстага мерапрыемства. Затым кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўручыў пераходны сцяг лепшаму студэнцкаму атраду - пераможцу рэспубліканскага конкурсу "Працоўны семестр - 2023" - будаўнічаму атраду "Эўрыка" імя Героя Савецкага Саюза В.І.Яронькі. Ён быў сфарміраваны на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ефрасінні Полацкай, працаваў на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі "Горад маладосці" на аб'ектах Беларускай атамнай электрастанцыі, а таксама на будаўніцтве стартавага корпуса "Ангара" Міжрэгіянальнай студэнцкай будоўлі "Касмадром Усходні".