Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.03.2023

Сергяенка: новы музей у "Хатыні" нікога не пакіне абыякавым

22 сакавіка, Лагойскі раён /Кар. БЕЛТА/. Новы музей у "Хатыні" нікога не пакіне абыякавым. Такі пункт гледжання журналістам выказаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка на ўскладанні кветак у мемарыяльным комплексе "Хатынь" да 80-годдзя трагедыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас у краіне зроблена нямала, каб захаваць гэту памяць. Гэта памяць у мемарыялах, творах мастацтва, кінафільмах. Сюды трэба прыводзіць дзяцей, тут трэба бываць моладзі, адкрываць гэтыя трагічныя старонкі гісторыі", - сказаў Ігар Сергяенка.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта лічыць, што ў Беларусі ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням захавання гістарычнай памяці. "Але, напэўна, не да ўсіх гэта даходзіць. І той музей, які сёння створаны, не пакіне нікога абыякавым да таго, што адбывалася на беларускай зямлі ў суровыя гады Вялікай Айчыннай вайны", - перакананы кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.