Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
07.12.2022

"Школа бачыць дзіця 11 гадоў". Іванец расказаў, што ўвойдзе ў абавязковую характарыстыку выпускніка

6 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр адукацыі Андрэй Іванец расказаў журналістам, што акрамя анкетных даных уключыць у сябе абавязковая характарыстыка выпускніка школы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Міністэрства адукацыі ўжо распрацавала форму характарыстыкі выпускніка школы, яна ўключае ў сябе 11 пунктаў. "Акрамя анкетных даных - прозвішча, імя, імя па бацьку - у характарыстыцы будзе адлюстраваны сямейны статус дзіцяці. Мы павінны ведаць, з якой ён сям'і: шматдзетнай, сям'і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзякуючы гэтым ведам, мы будзем разумець, як працаваць з гэтым вучнем. У характарыстыцы будзе адлюстраваны шэраг напрамкаў, якія датычацца хобі абітурыента. Асобны пункт дакумента будзе прысвечаны ўдзелу ў мерапрыемствах патрыятычнай і працоўнай накіраванасці, сёння мы гаворым аб тым, што гэта найважнейшыя элементы выхаваўчай работы ў школе. У характарыстыцы будзе адлюстраваны ўдзел дзіцяці ў грамадскіх маладзёжных аб'яднаннях, зарэгістраваных у нас ва ўстаноўленым парадку", - расказаў міністр адукацыі.

Характарыстыка выпускніка школы будзе падавацца разам з заявай аб паступленні ў ВНУ, значыць яна ўвойдзе ў камплект дакументаў, неабходных пры паступленні. "Яна будзе ўплываць на выбудоўванне адукацыйнай і выхаваўчай траекторыі гэтага абітурыента, калі ён прыйдзе 1 верасня ва ўніверсітэт. Сёння ўсе нашы ўніверсітэты праводзяць анкетаванне і дыягностыку ўсіх сваіх абітурыентаў, але пакуль вынікі будуць апрацаваны, ВНУ атрымліваюць гэту інфармацыю толькі праз месяц, а то і два. Акрамя таго, трэба разумець, што гэта характарыстыка будзе аб'ектыўнай, таму што школа бачыць свайго вучня 11 гадоў. Яе не зможа замяніць аднаразовае тэсціраванне або анкетаванне", - адзначыў Андрэй Іванец.

Паводле яго слоў, увядзенне абавязковых характарыстык мае вялікі патэнцыял. "Шмат дзяцей у нас займаюцца ў розных творчых гуртках, з'яўляюцца пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. А ва ўніверсітэтах у нас сёння вялікая колькасць ансамбляў і розных калектываў, актыўна развіваецца студэнцкі спорт. Акрамя таго, выхавальнікі ўніверсітэцкіх інтэрнатаў, якія будуць працаваць з іншагародняй моладдзю, будуць ведаць аб іх заўвагах з пункту гледжання паводзін і правапарушэннях, калі яны былі. Гэта ўсё будзе адлюстравана ў характарыстыцы", - дадаў ён.