Што ўплывае на кошт пустуючага дома, расказалі ў Дзяржкаммаёмасці
24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кошт пустуючага дома можа залежаць ад участка, на якім ён размешчаны. Аб гэтым у YouTube-праекце БЕЛТА "Па факце: рашэнні Першага" расказаў кансультант аддзела рэгулявання зямельных адносін Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Яўген Батурэвіч.
24 сакавіка 2021 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 116 "Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустуючымі дамамі". Як расказаў Яўген Батурэвіч, з пачатку ўступлення ў сілу ўказа было прададзена каля 1,5 тыс. пустуючых дамоў. У лідарах - Мінская вобласць. "Калі гаварыць пра цэнтральны рэгіён, то тут было прададзена 374 дамы, у Магілёўскай вобласці - 365, у Віцебскай - каля 300", - падкрэсліў Яўген Батурэвіч.
Прадстаўнік Дзяржкаммаёмасці адзначыў, што выканаўчыя камітэты зыходзяць з каштоўнасці зямельнага ўчастка, на якім размешчаны такія жылыя дамы. "Усе яны, па сутнасці, патрабуюць аднолькавых укладанняў. Пустуючы стары дом і ў Мінскім раёне, і ў аддаленым ад сталіцы рэгіёне патрабуе да сябе аднолькавага падыходу. А дамы на больш запатрабаваных участках выканкам рэалізуе праз аўкцыён", - растлумачыў Яўген Батурэвіч.
Разам з тым, падкрэсліў ён, трэба трымаць у галаве, што ў Беларусі дзейнічае абавязковы прынцып дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці. "Набываючы нерухомую маёмасць, мы абавязаны яе зарэгістраваць у арганізацыі па дзяржрэгістрацыі. Гэта адміністрацыйная працэдура, за якую прадугледжана спагнанне платы. Таксама гэтыя пустуючыя дамы размешчаны на ўчастках, дакументы на якія не аформлены. І, адпаведна, гэты абавязак кладзецца на чалавека, які набывае такі дом", - сказаў на заканчэнне Яўген Батурэвіч.-0-