Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
24.05.2023

Швед: пракуроры павінны быць цвёрдай апорай для нашых людзей і органаў мясцовай улады

23 мая, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Пракуроры павінны быць цвёрдай апорай не толькі для нашых людзей, але і для органаў мясцовай улады. Такое меркаванне выказаў журналістам генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед у час прадстаўлення новага кіраўніка пракуратуры Магілёўскай вобласці, паведамляе БЕЛТА.

"Задачы, якія сёння стаяць перад пракуратурай, добра вядомы і вынікаюць з даручэнняў кіраўніка дзяржавы, - адзначыў Андрэй Швед. - Ужо не першы год у полі зроку пракурораў знаходзяцца шэраг сацыяльна значных сфер - ахова здароўя, сельская гаспадарка, абарона працоўных правоў і правоў дзяцей, а таксама многія іншыя пытанні, якія сёння актуальны і хвалююць людзей. Задача адна - пракуратура павінна стаяць на варце інтарэсаў простых людзей. Пракуроры павінны аператыўна і дакладна рэагаваць на кожнае парушэнне закону. Яны павінны быць на вачах, а людзі павінны ім поўнасцю давяраць. І калі так складзецца ў жыцці, што чалавек звернецца ў пракуратуру, там ён павінен знайсці абарону і падтрымку. Гэта простыя, але вельмі важныя задачы".

Андрэй Швед засяродзіў увагу, што сёння свет імкліва мяняецца - шмат небяспек, выклікаў і пагроз. Таму пракуратуры трэба быць на вастрыі гэтых працэсаў, а пракурорам - у курсе бягучай абстаноўкі, каб аператыўна прымаць адпаведныя меры. "Пракуроры павінны быць цвёрдай апорай не толькі для нашых людзей, але і для органаў мясцовай улады", - падкрэсліў Андрэй Швед.

Андрэй Швед прадставіў калектыву пракуратуры вобласці новага кіраўніка, якім стаў Валерый Куліковіч. Генпракурор ахарактарызаваў яго як прафесіянала, стараннага, сумленнага і прыстойнага чалавека. Ён таксама звярнуў увагу на такія яго якасці, як адданасць абавязку і Айчыне, уменне прымаць узважаныя рашэнні, тактоўнасць у адносінах да людзей. Андрэй Швед уручыў пасведчанне і пажадаў новаму пракурору Магілёўскай вобласці мудрасці і стойкасці.

Валерый Куліковіч нарадзіўся ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці "правазнаўства", Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Працоўную дзейнасць пачаў на пасадзе стажора, потым следчага пракуратуры Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. З'яўляючыся старшым следчым Генеральнай пракуратуры расследаваў злачынствы ў сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі.

У далейшым працаваў на розных пасадах у цэнтральных апаратах Следчага камітэта і Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. З 2020 года ўзначальваў упраўленне ўласнай бяспекі Генпракуратуры. Узнагароджаны медалём "За бездакорную службу" ІІІ і ІІ ступеней, ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені.