Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
23.12.2022

"Снег, галалёд, мароз". Вальфовіч расказаў, як беларускія ваенныя справіліся з раптоўнай праверкай боегатоўнасці

22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля нарады ў Прэзідэнта аб выніках праверкі сілавога блока краіны расказаў журналістам, як справіліся беларускія ваенныя з пастаўленымі перад імі задачамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Дзяржсакратар удакладніў, што спецыяльна ніхто не ставіў задач праверыць воінскія часці, сілавы блок менавіта ў складаных умовах надвор'я. "Але ўсё садзейнічала гэтаму. Умовы надвор'я сапраўды былі вельмі складаныя: снег, галалёд, мароз", - сказаў ён.

Вельмі складаныя задачы стаялі перад інжынернымі часцямі, звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч. Ім трэба было навесці дзве пантонныя пераправы - цераз Нёман і Бярэзіну. Калі б гэта не было зроблена аператыўна, своечасова, баявыя часці не змаглі б прыбыць на названыя рубяжы. "У вельмі складаных умовах былі наведзены пантонныя пераправы. Тэхніка паспяхова прайшла праз пераправы і выйшла да названых аб'ектаў у прызначаны час, ва ўстаноўленыя тэрміны і далей выконвала тактычныя, агнявыя задачы", - адзначыў дзяржсакратар.

Ён падкрэсліў: праверка паказала, што ў цэлым у Беларусі адпрацавана сістэма дзяржаўнага рэагавання, часці і падраздзяленні з пастаўленымі задачамі справіліся. Аднак самазаспакойвацца нельга, упэўнены Аляксандр Вальфовіч. Таму на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы былі падрабязна прааналізаваны праблемныя пытанні, Прэзідэнт даў жорсткія ўказанні наконт гэтага.

"Наогул ніколі нельга расслабляцца людзям у пагонах. А сёння, зыходзячы з абстаноўкі паблізу нашых граніц і аналізу дзеянняў нашых суседзяў па мілітарызацыі, улічваючы іх агрэсіўныя планы, захопніцкія думкі, трэба рыхтаваць нашы сілы да таго, каб яны ў любы момант былі гатовы выйсці і выканаць свае задачы - перш за ўсё забяспечыць бяспеку нашых краіны і народа. Гэта цікавіла сёння Прэзідэнта. Ад яго атрыманы канкрэтныя даручэнні - што трэба падкарэкціраваць, удасканаліць, - сказаў дзяржсакратар. - Самае галоўнае, усё ёсць. Трэба якасна выконваць тое, што спланавана: адпрацоўваць праграмы баявой падрыхтоўкі, рыхтаваць маладых афіцэраў усіх сілавых структур да выканання задач па прызначэнні. На гэта быў зроблены асноўны ўпор сёння".

Што датычыцца далейшых праверак боегатоўнасці, то яны, як сказаў Аляксандр Вальфовіч, будуць прадаўжацца. "Калі мы перыядычна правяраем, мы ўпэўнены ў тым, што часці могуць выканаць тыя задачы, якія перад імі стаяць. Праверкі будуць прадаўжацца", - запэўніў ён.