Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
27.12.2023

Свяшчэннае месца мужнасці і смутку. Беларуская дэлегацыя на Піскароўскіх могілках ушанавала памяць ахвяр блакады Ленінграда

26 снежня, Санкт-Пецярбург /Кар. БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на Піскароўскіх могілках ушанавала памяць ахвяр блакады Ленінграда, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кветкі да помніка і вечнага агню ўсклалі міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, пасол у Расіі Дзмітрый Крутой, а таксама віцэ-губернатар Санкт-Пецярбурга Валерый Маскаленка.

"Мы прыйшлі пакланіцца на Піскароўскія могілкі. Гэта буйнейшая брацкая магіла ў гісторыі чалавецтва - могілкі, дзе пахаваны паўмільёна ахвяр блакады і ваеннаслужачых, якія вызвалялі Ленінград", - адзначыў кіраўнік МЗС.

У наступным годзе Беларусь адзначае 80-годдзе вызвалення краіны, а ўжо ў студзені ў Санкт-Пецярбургу будуць святкаваць 80-годдзе поўнага зняцця блакады.

"Сімвалізм гэтых мерапрыемстваў відавочны. Гэта наша агульная памяць, агульнае месца смутку, напамін аб тых жахах вайны, праз якія прайшлі нашы дзяды, прадзеды. Вядома, гэта гістарычная памяць павінна захоўвацца, перадавацца з пакалення ў пакаленне. Па даручэнні Прэзідэнта Беларусі мы сёння ўсклалі кветкі ад імя Беларусі і беларускага народа, пакланіліся ленінградцам у гэтым свяшчэнным гістарычным месцы. Месцы памяці, смутку, мужнасці і стойкасці", - падкрэсліў Сяргей Алейнік.

Пад гук метранома кветкі ад беларусаў ляглі да падножжа манумента Маці-Радзіма. Скульптура ўвасабляе фігуру жанчыны з гірляндай з дубовага лісця і жалобнай стужкай у руках, якая ідзе да тых, хто прыбыў ушанаваць памяць герояў абароны Ленінграда. Важная асаблівасць помніка - гранітная сцяна з 6 рэльефамі як успамін аб гераічным жыцці гараджан і радкі з эпітафіі знакамітай паэтэсы Вольгі Бергольц "Ніхто не забыты і нішто не забыта".

Непасрэдна з лёсам тысяч беларусаў звязаны помнік навучэнцам рамесных вучылішчаў Ленінграда. Ён быў устаноўлены ў 1996 годзе ў час візіту Прэзідэнта Беларусі ў Санкт-Пецярбург. Гісторыя заключаецца ў тым, што яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны ў горад на Няве з Беларусі на навучанне прыехалі каля 26 тыс. чалавек. За час блакады каля палавіны з іх загінулі і былі пахаваны на Піскароўскіх могілках. Гэта былі маладыя людзі ва ўзросце 14-16 гадоў, і калі пачалася блакада, яны нараўне з дарослымі стаялі каля станкоў на прадпрыемствах, уносячы свой уклад у барацьбу з ворагам.

Калі частку з іх вывозілі па Дарозе жыцця, у многіх проста не хапала сіл, і яны паміралі па шляху ў месцы эвакуацыі.

Гэты помнік па ініцыятыве Генеральнага консульства Беларусі ў Санкт-Пецярургу ў 2023 годзе быў капітальна адрамантаваны.

Сяргей Алейнік
Сяргей Алейнік

"Мы памятаем і смуткуем, наведваючы гэта свяшчэннае месца. Гістарычная памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны, незлічоных ахвярах - людзях, якія паклалі свае жыцці на алтар Вялікай Перамогі - гэта павінна быць урокам для нас і будучых пакаленняў. Не памятаючы мінулага, у народа не можа быць будучыні. Мы добра памятаем урокі нашай гісторыі і цэнім тыя подзвігі, якія былі здзейснены ў час Вялікай Айчыннай вайны і на беларускай зямлі, і тут - у Ленінградзе. Мы будзем захоўваць гэту свяшчэнную памяць аб нашым мінулым для таго, каб будаваць мірную стваральную будучыню нашай краіны", - падкрэсліў Сяргей Алейнік.-0-

Фота Максіма Гучака