Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
06.01.2023

Тарасенка: эпідсітуацыя ў Беларусі стабільная

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эпідэміялагічная сітуацыя ў Беларусі стабільная, заявіў намеснік міністра аховы здароўя - галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Тарасенка на рэспубліканскім санітарна-эпідэміялагічным семінары, які праходзіць на базе Астравецкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яго цытуе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя, паведамляе БЕЛТА.

На семінары, паводле слоў Аляксандра Тарасенкі, будзе разгледжана пытанне правядзення вакцынацыі. Ён адзначыў, што ў краіне абстаноўка стабільная. Назіраецца сезонны рост захворвання на ВРВІ, але тэмпы росту знізіліся. "Думаю, на працягу некалькіх тыдняў мы будзем адзначаць спад. Потым, як і ў мінулыя гады, убачым зноў павышэнне захваральнасці і на ВРВІ, і на грып", - лічыць ён.

Што датычыцца кавіду, сітуацыя таксама стабільная. Паводле яго слоў, "тэндэнцыі да росту былі, але яны вельмі нязначныя". "Цыркулюе штам амікрон, але расслабляцца не трэба. Трэба вакцынавацца і праходзіць бустарызацыю", - дадаў намеснік міністра.

Аляксандр Тарасенка заўважыў, што вакцынавана супраць грыпу 40 працэнтаў насельніцтва, таму сур'ёзнай сітуацыі не чакаецца. Разам з тым насцярожанасць у спецыялістаў ёсць, таму медыкі заклікаюць выконваць элементарныя правілы гігіены і пры недамаганні не наведваць работу.

Удзельнікі семінара абмяркоўваюць пытанне радыяцыйнай бяспекі, разглядаюць не толькі работу Беларускай АЭС, але і наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС. "База выбрана не выпадкова. Мы паказваем базу цэнтра, лабараторнае забеспячэнне, у тым ліку перасовачны комплекс, якога няма нідзе ў краіне. Абмяркоўваем і ў цэлым работу па краіне", - сказаў Аляксандр Тарасенка.

Яшчэ адно разглядаемае пытанне - рэалізацыя праекта "Здаровыя гарады і пасёлкі". Аляксандр Тарасенка паведаміў, што ў першым паўгоддзі ў Гродзенскай вобласці плануецца правядзенне савета па здаровым ладзе жыцця. Будуць абмяркоўвацца медыка-дэмаграфічныя, эпідэміялагічныя паказчыкі, прааналізуюць, як уплываюць на здароўе насельніцтва заняткі фізічнай культурай і спортам.