Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
01.12.2023

Транспарт, жыллё для моладзі: што абмеркавалі супрацоўнікі "Нафтана" на сустрэчы з Качанавай

30 лістапада, Наваполацк /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Пытанні работы грамадскага транспарту, няхваткі жылля для моладзі абмеркавалі супрацоўнікі ААТ "Нафтан" на традыцыйнай сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталляй Качанавай, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асновай поспеху любога прадпрыемства з'яўляецца жалезная працоўная дысцыпліна, адзначыла спікер, размаўляючы з калектывам нафтазавода. І ў гэтым пытанні адказнасць ляжыць на кожным работніку на месцах. Прадпрыемства з багатай гісторыяй і перспектыўным будучым займае на рынку Беларусі дастойнае месца і з'яўляецца адным з флагманаў у сваёй галіне. Што хвалюе супрацоўнікаў "Нафтана", якія пытанні трэба вырашыць на высокім узроўні - на адкрыты дыялог у такім рэчышчы нацэліла калектыў прадпрыемства Наталля Качанава.

Нафтанаўцы расказалі, што для іх адным з важных пытанняў з'яўляецца няхватка аўтобусаў, якімі многія супрацоўнікі дабіраюцца на работу. Спікер пракаменціравала, што гэта праблема знаходзіцца на кантролі ў Савета Рэспублікі, і для Наваполацка плануюць пабудаваць новую трамвайную ветку, а таксама закупіць электробусы, паколькі ў горадзе неабходна развіваць сетку экалагічнага транспарту.

Для маладых супрацоўнікаў "Нафтана" актуальна пытанне жылля. Супрацоўнікі завода расказалі, што ў горадзе ёсць пустуючыя інтэрнаты, якія можна перабудаваць у кватэры і такім чынам прапанаваць іх маючым патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Наталля Качанава ўзяла гэта пытанне на кантроль. "Пытанне вельмі добрае. Мы вывучым умовы, па якіх можна перавесці інтэрнат у жылы дом, і паведамім вам аб выніках", - адказала яна таму, хто звярнуўся з гэтай тэмай. Кіраўніцтва горада абяцала далучыцца да вывучэння такой праблемы на месцы.

Таксама прадстаўнікі завода падзякавалі старшыні Савета Рэспублікі за садзейнічанне ў вырашэнні надзённых для іх пытанняў, як, напрыклад, правядзенне прафаглядаў у мясцовых установах аховы здароўя, што значна палепшыла іх жыццё. Наталля Качанава падкрэсліла, што менавіта ў час такіх сустрэч выяўляюцца такія значныя для працоўных калектываў праблемы, у вырашэнні якіх прадстаўнікі рэспубліканскай улады могуць аказаць дапамогу.-0-

Фота Аляксандра Хітрова