Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
11.03.2024

"Трэба, каб усё было дэмакратычна". Лукашэнка абмеркаваў з Качанавай фарміраванне Савета Рэспублікі

7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай працэс фарміравання новага складу верхняй палаты беларускага парламента, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Што датычыцца Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты беларускага парламента. - Заўвага БЕЛТА), работа там ідзе па пытаннях пачатку работы новага складу. Аб'ём вялікі. Там распараджэнні ўсе аддадзены", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Палаце прадстаўнікоў перш за ўсё трэба выбраць сваё кіраўніцтва, старшынь камісій. Неабходная арганізацыйная падтрымка будзе забяспечана, а далей ужо справа за самімі парламентарыямі. "Я хачу, каб дэпутаты самі вызначаліся, як ім жыць і працаваць", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Савет Рэспублікі, у сваю чаргу, з'яўляецца палатай тэрытарыяльнага прадстаўніцтва. Яе фарміраванне адбываецца наступным чынам: ад кожнай вобласці і горада Мінска на пасяджэннях мясцовых саветаў дэпутатаў тайным галасаваннем выбіраюцца па восем членаў Савета Рэспублікі; яшчэ восем членаў Савета Рэспублікі назначаюцца Прэзідэнтам Беларусі.
Вылучэнне кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі пачынаецца ўжо з 12 сакавіка і павінна адбыцца не пазней за 21 сакавіка. Самі ж выбары ў Савет Рэспублікі павінны прайсці 4 красавіка бягучага года.

"Трэба, каб гэта ўсё было вельмі дэмакратычна. Каб гэта было сумленна. Не для справаздачы там каму-небудзь. Нам няма перад кім даваць справаздачу, акрамя свайго народа, - падкрэсліў беларускі лідар. - Каб гэта было дастойна, фармалізму ніякага не было. Усё ж гэта такі экспертны савет - верхняя палата парламента. Дзе законы пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў яшчэ раз штудзіруюцца. Таму трэба ўважліва паглядзець на прапануемыя кандыдатуры, якія будуць выбраны адпаведнымі саветамі".
Усяго ў Савеце Рэспублікі пяць пастаянных камісій. Аляксандр Лукашэнка асабліва акцэнтаваў увагу на падборы кандыдатур іх будучых кіраўнікоў: "Гэта пяць чалавек разам са старшынёй і намеснікам (Савета Рэспублікі. - Заўвага БЕЛТА) - гэта будзе асноўнае ядро верхняй палаты".

"Хацеў бы ведаць, як разгорнута гэта работа (таму што яна ўжо ідзе) і якія ёсць праблемы. З пункту гледжання таго, што трэба мне падключацца да нейкіх пытанняў ці не. Парламент нам трэба сфарміраваць, таму што роля яго ўзрастае. І гэта члены Усебеларускага народнага сходу. Гэта, лічы, ядро будзе там. Гэта вельмі важна для нас", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.