Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
04.10.2022

"Тут усё жывое, усё сапраўднае!" Як у Палацы Незалежнасці прайшоў нефармальны рэспубліканскі педсавет

3 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акрамя Дня ведаў у календары ёсць яшчэ адна дата, якая можа паспаборнічаць па колькасці падораных настаўнікам кветак і ўсмешак. Гэта Дзень настаўніка - свята для дзясяткаў тысяч педработнікаў. Больш як сотні з іх у гэтым годзе пашанцавала асабліва - да прафесійнага свята яны атрымалі магчымасць пабываць у адным з галоўных сімвалаў беларускага суверэнітэту - Палацы Незалежнасці, паведамляе БЕЛТА.

Традыцыйна да пачатку экскурсіі гасцей збіраюць у Зале ўрачыстых цырымоній - самым вялікім памяшканні ў палацы, дзе праводзяцца найбольш знакавыя мерапрыемствы ў жыцці краіны, уключаючы інаўгурацыю Прэзідэнта. Велічныя люстры, вытанчанае мастацкае афармленне, карціны беларускіх і замежных аўтараў...

Знакавае тут усё. І нават лімонныя дрэўцы абрамляюць адзін з бакоў залы невыпадкова. Іх некалькі гадоў таму падарылі Прэзідэнту. І хоць беларускі клімат, мякка кажучы, не падыходзіць для цытрусавых, для дрэў у палацы стварылі ўсе неабходныя ўмовы, каб яны добра сябе адчувалі і рэгулярна плоданасілі. Гэта лішняе пацвярджэнне таго, што, калі айчынныя спецыялісты за штосьці сапраўды возьмуцца і ўкладуць у гэта не толькі свой час, але і душу, то справа несумненна будзе ісці спарней, а вынік - радаваць вока.

"Тут усё жывое, усё сапраўднае!" - запэўніў педагогаў адзін з работнікаў СМІ, заўважыўшы, як тыя з цікавасцю, але з доляй недаверу разглядалі паблізу адно з дрэў.

Так і ўвесь астатні палац - ад прыгожа выкладзенага паркету да бліскучых шыкоўных люстраў; дызайн, афармленне, мэбля - усё зроблена рукамі беларускіх майстроў з глыбокім сэнсам і ўвагай да дробязей.

Усё разам гэта складваецца ў дзівосны архітэктурна-мастацкі ансамбль з нацыянальнымі гістарычнымі ноткамі, які ўражвае гасцей палаца літаральна з парога. Нават "суровыя" педагогі, якія звычайна не заахвочваюць, асабліва ў вучэбны час, карыстанне рознымі мабільнымі гаджэтамі, тут самі расчахлілі смартфоны ў пагоні за найбольш выгадным ракурсам.

У ліку гасцей палаца быў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка. "Уражвае мэбля, матэрыялы, з якіх усё выраблена, інтэр'еры. Сапраўды вельмі прыгожа", - дзеліцца ён уражаннямі.

Ён расказаў, што нядаўна быў на экскурсіі ў Санкт-Пецярбургу - пабывалі ў знакамітых імператарскіх палацах, Пецяргофе. "Ведаеце, ёсць чым ганарыцца (і ў Беларусі. - Заўвага БЕЛТА). Нічым не горш. Нават чымсьці лепш. Таму што гэта сучасна ўсё", - падкрэсліў Іван Васіленка.

А вось Паліна Такушэвіч, студэнтка 3-га курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ, якая таксама з'яўляецца старшынёй прафсаюза на сваім факультэце, у палацы ўжо другі раз. Упершыню яна тут была 1 верасня на адкрытым уроку, які правёў Прэзідэнт для школьнікаў і студэнтаў з усёй краіны. "Тут прадстаўлены работы нашых майстроў, рэплікі Слуцкіх паясоў, габелены розныя. Гэта сапраўды захапляе. Так маштаб! Беларусы сапраўды людзі творчыя і, як кажуць, з рукамі", - адзначыла студэнтка.

Успамінаючы аб адкрытым уроку, яна расказала, што больш за ўсё запомнілася прэзентацыя кіраўніком дзяржавы айчыннага ноўтбука. "Мы чакаем усе з нецярпеннем. Спадзяёмся, што ў хуткім часе атрымаем яго на паліцах магазінаў", - сказала яна.

У сваю чаргу загадчыца аддзела арганізацыйнай работы Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Кацярына Жарская прызналася, што сапраўды лічыць падарункам магчымасць наведаць Палац. "Для педагогаў пасля нашага прафесійнага свята гэта цудоўны падарунак. Атмасфера Палаца Незалежнасці такая незвычайная! Вельмі сімвалічна тое, што ў нашай краіне ёсць такая пляцоўка, дзе мы можам пазнаёміцца з працай нашых майстроў, што нам паказваюць, і мы можам наведаць тыя месцы і залы, дзе прымаюцца важныя рашэнні, адбываюцца лёсавызначальныя сустрэчы", - сказала яна.

Кожны з гасцей Палаца Незалежнасці ў час двухгадзіннай экскурсіі знайшоў для сябе штосьці асаблівае. Для кагосьці было важна дакрануцца да гістарычных інтэр'ераў Зялёнай залы, дза праходзілі шматгадзінныя перагаворы аб міры ва Украіне, хтосьці ўразіўся залай, дзе літаральна за некалькі гадзін да гэтага праходзілі кадравыя назначэнні з удзелам кіраўніка дзяржавы. Трэція пачарпнулі натхненне ў шматлікіх мастацкіх творах або амаль трапічнай атмасферы Зімовага саду. Ну і, вядома, мала хто можа ўстаяць ад магчымасці зрабіць памятнае фота ў прэзідэнцкім крэсле, за трыбунай або каля прыёмнай кіраўніка дзяржавы. Вішанька на торце - гэта музей падарункаў, якія Прэзідэнту дарылі ў час замежных візітаў, рабочых паездак па краіне замежныя госці. Па іх у літаральным сэнсе можна вывучаць геаграфію, гісторыю і беларускую шматвектарную палітыку.