Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.05.2023

У БДУФК прадставілі форму для нацыянальных каманд па лыжных гонках і лёгкай атлетыцы

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры адбылася прэзентацыя новага спартыўнага адзення для прафесійных атлетаў, а таксама формы для школьных заняткаў у рамках праекта імпартазамяшчэння, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Гэты праект - сумесная работа Міністэрства спорту і турызму і ААТ "Світанак" - аднаго з вядучых беларускіх вытворцаў трыкатажных вырабаў. На паказе былі прадстаўлены камплекты формы для нацыянальных каманд па лыжных гонках і лёгкай атлетыцы, а таксама прадэманстравана прадукцыя новага брэнда спартыўнага адзення SWS.

Конкурс па стварэнні брэнда, пад эгідай якога ў далейшым распрацоўваліся калекцыі як для вучняў спартыўных школ, так і для членаў зборных, стартаваў у сценах БДУФК у мінулым годзе. З мноства варыянтаў быў адабраны дзясятак фіналістаў, кожны з якіх прадставіў свой лагатып з апісаннем і візуалізацыяй на адзенні і прадметах. У выніку перавага была аддадзена брэнду SWS (Sport Wear Spirit), аўтарам ідэі якога з'яўляецца выкладчык БДУФК Ганна Ільюцік.

"Нам вельмі хацелася б мець свой уласны прадукт, які будзе папулярны ў краіне і паспяхова прадавацца на знешніх рынках, - сказаў першы намеснік міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і кіраўнік Беларускай федэрацыі лыжных гонак Аляксандр Дараховіч. - Таму мы разам з кіраўніком Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Іванам Ціханам прынялі рашэнне заключыць кантракт з ААТ "Світанак", і цяпер нацыянальныя і юніёрскія каманды Рэспублікі Беларусь па нашых відах спорту будуць апрануты ў айчынную форму. У нас ёсць усё: кадры, магутнасці, кампетэнцыя, але чамусьці да гэтага часу не было беларускага спартыўнага адзення. Разлічваем, што ўжо хутка атрымаем яго ў масавай колькасці. Таксама цяпер мы не маем сваёй школьнай спартыўнай формы. Бацькі купляюць кітайскую экіпіроўку, у якой дзіця ідзе на ўрокі фізічнай культуры. І сёння мы хацелі б прапанаваць добрыя варыянты, якія можна было б рэкамендаваць бацькам. Галоўная мэта на будучае - мець сваю сыравіну: сёння вытворцы купляюць яе ў Турцыі, але ўжо заўтра могуць не купіць. Таму мы павінны быць абсалютна незалежныя, пачынаючы ад уласнай сыравіны і заканчваючы гатовай прадукцыяй".

Гісторыю стварэння беларускай формы расказаў старшыня БФЛА Іван Ціхан. "З пачатку 1990-х гадоў мы карысталіся экіпіроўкай замежных вытворцаў, але нядаўна ў нас узнікла ідэя ацаніць магутнасці нашай лёгкай прамысловасці і паглядзець, што яна можа зрабіць для беларускага спорту. Мы звярнуліся ў ААТ "Світанак", паказалі, што хочам, і прадаставілі тэхнічныя патрабаванні, - сказаў Ціхан. - Спецыялісты прадпрыемства падышлі да гэтага вельмі адказна, грунтоўна вывучылі нашы запатрабаванні і прадаставілі нам добрую форму. Якасць вельмі высокая: у параўнанні з сусветнымі лідарамі беларуская прадукцыя не ўступае, а па некаторых узорах нават і перасягае іх. Нашым атлетам засталося толькі пратэсціраваць яе на трэніроўках, але я ўпэўнены, што яна вытрымае ўсе нагрузкі. Гэта форма будзе выкарыстоўвацца не толькі на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах, але і на спаборніцтвах для аматараў".

Галоўны тэхнолаг ААТ "Світанак" Ірына Цітова падзялілася тэхнічнымі падрабязнасцямі. "Для вытворчасці вырабаў выкарыстоўваліся шматфункцыянальныя поліэфірныя ніткі новага пакалення, якія валодаюць уласцівасцю хуткага і эфектыўнага адвядзення вільгаці ад цела, падтрымання тэмпературнага балансу з добрай паветрапранікальнасцю, што дазваляе забяспечыць максімальны камфорт у час трэніровак. Канструкцыя вырабаў выгадна падкрэслівае фігуру і забяспечвае поўную свабоду руху. Узоры не патрабуюць асаблівага догляду, захоўваюць форму і прывабны выгляд пасля частага мыцця. Дзякуючы выкарыстанню спецыялізаванага швейнага абсталявання на вырабах прымяняюцца плоскія высокарасцяжныя швы, якія не націраюць скуру і даюць магчымасць актыўна рухацца", - расказала яна.

"Апошнім часам мы ўсё больш разумеем неабходнасць мець на ўнутраным рынку менавіта айчыннае спартыўнае адзенне, як для бытавога выкарыстання, так і для прафесійнага спорту, - падкрэсліла кіраўнік канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна. - Мы бачым, што свет мяняецца, і рызыкі адыходу з рынку той ці іншай асартыментнай пазіцыі з кожным годам усё вышэйшыя. Можна сказаць, што спартыўнае адзенне ў пэўнай меры - гэта бяспека краіны. Мне вельмі хацелася б, каб калекцыя, прадстаўленая адным з вядучых прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці, спадабалася нашым спажыўцам. Каб у канцы года мы падвялі вынік і сказалі: "У нас атрымалася, у Беларусі з'явіўся яшчэ адзін брэнд, які мы можам называць дзяржаўным: ён модны, зручны і камфортны для заняткаў спортам".