Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
02.10.2023

У Беларусі ўдасканаляць механізмы падтрымкі дзяцей у шматдзетных сем'ях

29 верасня, Бялыніцкі раён /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі маюць намер удасканаліць механізмы падтрымкі дзяцей у шматдзетных сем'ях. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з жыхарамі аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адна з жыхарак аграгарадка шматдзетная маці Алена Калакустава падзякавала Прэзідэнту за падтрымку шматдзетных сем'яў. Алена працуе ў мясцовым доме культуры кіраўніком народнага ансамбля "Вабічанскія ўзоры". Цяпер у яе шасцёра дзяцей, і яшчэ ў 2017 годзе яна атрымала з рук кіраўніка дзяржавы ордэн Маці.

"Я вельмі ім ганаруся і ўдзячна вам за падтрымку шматдзетных маці, за вашу ўвагу, за клопат аб нашых дзецях", - сказала шматдзетная маці.

"Шматдзетныя сем'і - мы будзем іх уважліва вывучаць, таму што яны розныя. Таму я і настойваю цяпер: мы падумаем, як гэта зрабіць, - каб грошы даходзілі да дзяцей. Трэба знайсці механізм, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Для дзяцей са шматдзетных сем'яў мы будзем рабіць усё. Таму што ў нас не хапае насельніцтва. Нам трэба павялічваць насельніцтва. Мы ў два разы больш маглі б сёння пракарміць людзей".

"Правільна!" - падтрымалі Прэзідэнта жыхары.

Падтрымку будуць аказваць і ваеннаслужачым, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Яны не павінны турбавацца, што ў іх не будзе жылля, - сказаў ён. - Пабудуем столькі жылля, колькі трэба".-0-