Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
12.03.2024

У Беларусі вызначылі лепшага ляснічага

11 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі вызначылі лепшага ляснічага 2023 года. Пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства прызнаны ляснічы Рэчыцкага лясніцтва Івацэвіцкага доследнага лясгаса Васіль Падароўскі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Васіль Падароўскі працуе ў галіне амаль 32 гады, з іх амаль 11 гадоў - на цяперашняй пасадзе. "Лясніцтвам кіруе ўмела і адказна. Цікавіцца навацыямі, што з'яўляюцца ў лесагаспадарчай дзейнасці, імкнецца ісці ў нагу з часам, пастаянна павышае свой адукацыйны ўзровень", - так у Івацэвіцкім доследным лясгасе характарызуюць Васіля Падароўскага.

За час работы ў галіне ён паспеў атрымаць званне ляснічага другога класа, нагрудны знак "20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь". У калектыве карыстаецца павагай, мае заслужаны аўтарытэт.

У Мінлясгасе адзначылі, што Васіль Падароўскі апярэдзіў у фінале рэспубліканскага конкурсу 5 кандыдатаў з іншых абласцей краіны. Да гэтага быў прызнаны лепшым на абласным узроўні.

Лепшага ляснічага года вызначала спецыяльна створаная камісія. Яна ацэньвала ўдзельнікаў па такіх крытэрыях, як выкананне паказчыкаў лесагаспадарчай дзейнасці лясніцтваў, выкарыстанне і ўкараненне перадавых тэхналогій вядзення лясной гаспадаркі, развіццё паляўнічага і экалагічнага турызму ў лясніцтве. Былі ўлічаны дзелавыя і прафесійныя якасці канкурсантаў, а таксама іх стаж работы ў арганізацыях Міністэрства лясной гаспадаркі.

Конкурс "Лепшы ляснічы года" стаў ужо традыцыйным. Галоўная яго мэта - актывізацыя работы лясніцтваў краіны. Пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства ўзнагародзяць ужо ў Дзень Канстытуцыі, на пасяджэнні калегіі ведамства.