Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
21.12.2023

У Беларусі заснаваны юбілейны медаль да 35-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана

20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заснаваны юбілейны медаль "35 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана". Адпаведны ўказ нумар 403 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

На правым баку юбілейнага медаля ў цэнтры верхняй часткі паказана пяціканцовая зорка, у сярэдняй частцы - умоўная выява карты Афганістана з указаннем сталіцы - горада Кабула - і рэльефныя надпісы залацістага колеру "1979" і "1989", у ніжняй частцы - горы і два верталёты над калонай бронетранспарцёраў, на адным з якіх знаходзяцца фігуры ваеннаслужачых, якія трымаюць баявы сцяг.

Юбілейным медалём будуць узнагароджваць грамадзян Беларусі (у тым ліку пасмяротна), якія выконвалі воінскі і службовы абавязак у Афганістане са снежня 1979-га па люты 1989 года, а таксама ваеннаслужачых Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, работнікаў дзяржорганаў і арганізацый і іншых асоб, якія ўнеслі значны ўклад у патрыятычнае выхаванне грамадзян Беларусі, увекавечанне памяці загінулых, развіццё ветэранскага руху, арганізацыю работы па сацыяльнай, медыцынскай рэабілітацыі воінаў-інтэрнацыяналістаў, інвалідаў і членаў сем'яў загінулых.