Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
19.07.2022

У Беларусі змяняюцца правілы продажу патрыманых аўтамабіляў

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 ліпеня падпісаў указ нумар 246, якім унесены карэкціроўкі ва ўказ ад 15 кастрычніка 2007 года нумар 504 "Аб некаторых мерах па ўпарадкаванні здзелак па адчужэнні транспартных сродкаў". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Для абароны грамадзян ад нядобрасумленных удзельнікаў здзелак пры адчужэнні аўтамабіляў удакладнены з улікам правапрымяняльнай практыкі асобныя дзеючыя палажэнні, што рэгулююць рынак транспартных сродкаў. У прыватнасці, выключана магчымасць правядзення здзелак куплі-продажу транспартных сродкаў праз афармленне рахунку-даведкі і правядзення разлікаў паміж юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізічнымі асобамі па такіх дагаворах у наяўнай форме. Права выбару формы разлікаў па здзелках паміж фізічнымі асобамі пры гэтым захавана.

Дакументам уведзены абавязак па заключэнні дагавораў аб адчужэнні транспартных сродкаў толькі ў пісьмовай форме. Ва ўказе таксама замацаваны патрабаванні аб адлюстраванні ў дагаворы звестак аб адсутнасці на момант яго заключэння абмежаванняў (абцяжарванняў) і забарон на ажыццяўленне здзелак з транспартным сродкам.

Цяпер дагаворы куплі-продажу транспартных сродкаў, што заключаюцца паміж фізічнымі асобамі, могуць праходзіць дзяржаўную рэгістрацыю не толькі ў адпаведных рэгіструючых органах (ДАІ і Мінсельгасхарч), але і шляхам натарыяльнага засведчання.

Гэтыя палажэнні ўказа ўступяць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання.