Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
10.03.2023

У школах Беларусі пройдзе адзіны ўрок "Аб чым звоняць званы Хатыні" да 80-годдзя трагічных падзей

9 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У школах Беларусі пройдзе адзіны ўрок "Аб чым звоняць званы Хатыні" да 80-годдзя трагічных падзей. Аб гэтым паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення выхаваўчай і ідэалагічнай работы Нацыянальнага інстытута адукацыі Юрый Емяльяненка ў час круглага стала "Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці ўстаноў адукацыі па ваенна-патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі. Традыцыі і сучаснасць", які прайшоў у прэс-цэнтры БЕЛТА.

"У 2022/2023 навучальным годзе ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі будзе праведзены адзіны ўрок "Аб чым звоняць званы Хатыні" да 80-годдзя трагічных падзей. Акрамя таго, пройдзе ўрок памяці "Нам гэты мір завешчана берагчы", прысвечаны 78-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне", - праінфармаваў Юрый Емяльяненка.

Пры распрацоўцы інфармацыйна-метадычнага забеспячэння адзіных урокаў памяці, якія праводзяцца ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі выкарыстоўвае інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прадастаўленыя Генеральнай пракуратурай Беларусі. "Інфармацыя аб узбуджэнні і расследаванні Генпракуратурай крымінальнай справы па фактах учынення нацысцкімі злачынцамі, іх саўдзельнікамі, злачыннымі фарміраваннямі генацыду мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўключана ў выданне "Я - грамадзянін Рэспублікі Беларусь", выпушчанае ў 2022 годзе (тэматычны разварот "Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гады"). У выданні праз QR-код забяспечаны доступ да матэрыялаў крымінальнай справы аб генацыдзе. Акрамя таго, у гэтым навучальным годзе распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па асвятленні палітыкі генацыду беларускага народа з выкарыстаннем інфармацыйна-аналітычных матэрыялаў і дакументаў па расследаванні крымінальнай справы (з прэзентацыямі для ІІ і ІІІ ступеней агульнай сярэдняй адукацыі) і рэкамендацыі па выкарыстанні інфармацыі аб дапаўненні "Хатынскага спіса". Гэтыя рэкамендацыі размешчаны на Нацыянальным адукацыйным партале", - дадаў намеснік начальніка ўпраўлення.