Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
25.07.2023

Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ Беларусі пачнуцца з 26 ліпеня

24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ Беларусі для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту і на платнай аснове пачнуцца з 26 ліпеня, паведамляе БЕЛТА.

У большасці ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны іспыты пройдуць з 26 ліпеня па 2 жніўня. Ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС экзамены адбудуцца з 26 па 28 ліпеня, на ваенным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы - з 28 па 29 ліпеня, у вочнай (дзённай) форме атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях - з 28 ліпеня па 2 жніўня, у завочнай форме атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю - з 6 па 15 снежня.

У БДУ ўнутраныя ўступныя іспыты пройдуць на пяці факультэтах ВНУ і Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д. Сахарава. Будуць яны арганізаваны па дзевяці вучэбных дысцыплінах.

Напрыклад, абітурыентаў, якія паступаюць на "журналістыку" факультэта журналістыкі і "графічны дызайн і мультымедыядызайн", "дызайн касцюма і тэкстылю", "дызайн прадметна-прасторавага асяроддзя" факультэта сацыякультурных камунікацый, чакаюць уступныя іспыты па дысцыпліне "творчасць". Заданне па малюнку абітурыентам прапануюць выканаць 27 і 28 ліпеня, а па кампазіцыі - 29 і 30 ліпеня. Творчае сачыненне на факультэце журналістыкі абітурыенты напішуць 27 і 29 ліпеня, а творчае тэсціраванне пройдзе 29 і 31 ліпеня. Для абітурыентаў гістарычнага факультэта, якія паступаюць на завочную скарочаную форму навучання і падалі дакументы на спецыяльнасць "кіраванне дакументамі", экзамен па дысцыпліне "дакументацыйнае забеспячэнне кіравання" адбудзецца 27 ліпеня, па "архівазнаўстве" - 30 ліпеня. Абітурыентам гэтай жа формы навучання юрыдычнага факультэта спецыяльнасці "правазнаўства" 28 ліпеня трэба будзе здаць экзамен па "агульнай тэорыі права" і 31 ліпеня - па "грамадзянскім праве".

"Усе экзамены арганізуюцца ў пісьмовай форме, акрамя ўступных іспытаў па беларускай і рускай літаратурах на філалагічным, а таксама акрамя творчага тэсціравання на факультэце журналістыкі. Напярэдадні ў 17.00 для абітурыентаў будуць праведзены кансультацыі. Пачатак усіх экзаменаў у 9.00", - праінфармавалі ў прэс-службе БДУ.-0-