Галоўная / Навiны / Навiны рэспублiкi
22.03.2023

Усіх узварухнуць і самім разварушыцца. Генпракурор падвёў вынікі нарады ў Прэзідэнта з сілавым блокам

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Праваахоўны блок Беларусі працуе дакладна і выконвае пастаўленыя задачы, але ёсць пэўная самазаспакоенасць, ад якой трэба пазбаўляцца. Аб гэтым заявіў журналістам генеральны пракурор Андрэй Швед пасля нарады ў Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях дзейнасці органаў сілавога блока, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Размова на ўзроўні кіраўніка дзяржавы прадаўжалася каля трох гадзін, на працягу якіх падрабязна і сістэмна абмяркоўвалася работа сілавога блока краіны. "Галоўная выснова - праваахоўны блок працуе дакладна, задачы выконваюцца. На вуліцах мір, спакой і бяспека. Але пэўная самазаспакоенасць, недастатковае разуменне неабходнасці таго, што трэба скрупулёзна, кожны дзень займацца штодзённымі, на першы погляд, справамі, - гэта ў сукупнасці прыводзіць да таго, што праяўляюцца негатыўныя рэчы, надзвычайныя здарэнні. Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу ўсіх узварухнуць і самім разварушыцца. У гэтым сэнсе размова адбылася карысная. Пэўныя высновы зроблены. Галоўнае - ёсць над чым працаваць", - сказаў генпракурор.

Паводле яго слоў, за апошні час абазначылася тэндэнцыя: за маштабнымі праектамі, аперацыямі, якія правялі праваахоўнікі, крыху забылася, адышла на другі план руцінная, штодзённая работа, якую абавязаны выконваць службовыя асобы. "На жаль, пэўная інертнасць, недастатковае разуменне, а ў шэрагу выпадкаў халатнасць, бяздушнасць службовых асоб прывялі да таго, што на ўзроўні кіраўніка дзяржавы былі ўзняты гэтыя пытанні", - адзначыў Андрэй Швед. Ён лічыць, што на месцах многія самазаспакоіліся, забылі, што ў рабоце няма дробязей. Адзін з прыкладаў - гэта стан спраў з рэцыдыўнай злачыннасцю. "Мы даўно бачым праблему, і яна стала хранічнай. Калі ў нас 40 працэнтаў злачынстваў учыняюць раней судзімыя асобы - гэта вельмі трывожная тэндэнцыя. Калі 38 раней неаднаразова судзімых за сексуальныя злачынствы гвалцяць у тым ліку і дзяцей, калі з больш як 700 асоб, якія ўчынілі злачынствы на гэтай глебе, 157 таксама раней судзімыя, тут ёсць сур'ёзныя пытанні", - растлумачыў генеральны пракурор.

"Нам неабходна ўсім аб'яднацца, як адзін кулак сціснуцца і не аслабляць нашу работу", - перакананы ён.

Размова на ўзроўні Прэзідэнта з прадстаўнікамі сілавога блока, на думку Андрэя Шведа, адбылася канкрэтная, прадметная. "Кіраўнік дзяржавы даў дакладныя даручэнні, у тым ліку аб узмацненні каардынуючай ролі пракуратуры. Як сказаў кіраўнік дзяржавы, роля пракуратуры павінна быць значна ўзмоцнена, у тым ліку і па правядзенні аналітыкі і ўнясенні аператыўных прапаноў па выкараненні тых ці іншых негатыўных наступстваў", - расказаў ён.

У гэтай рабоце органы пракуратуры будуць цесна ўзаемадзейнічаць з Дзяржсакратарыятам Савета бяспекі і Вярхоўным Судом, каб займацца аналітычнай работай па дзейнасці сілавога блока, выяўляць тэндэнцыі і выпрацоўваць меры рэагавання на іх, у тым ліку выносіць свае прапановы на ўзровень Прэзідэнта.

Па кожным напрамку работы сілавых структур былі зроблены высновы і дадзены адпаведныя даручэнні. Напрыклад, у тым, што датычыцца арганізацыі бяспекі на дарогах, Генеральная пракуратура і Дзяржсакратарыят Савета бяспекі будуць разам трымаць гэта пытанне на кантролі, каб узмацніць папераджальныя меры ў дачыненні да тых, хто парушае законы і правілы дарожнага руху. Галоўны пасыл парушальнікам - каб непанадна было. Размова ішла таксама аб узмацненні работы па процідзеянні экстрэмізму і тэрарызму. І ў гэтай сферы неабходна больш узаемадзейнічаць з грамадствам, людзьмі і органамі ўлады на месцах.